Хай вам жывецца заўсёды багата!

Актуально 29 октября 14 1612

Традыцыйныя восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы прайшлі ў мінулую суботу ў гарадскіх пасёлках Воранава і Радунь. Калі сказаць па праўдзе, то кірмашамі іх і назваць цяжка. Гэта хутчэй за ўсё быў звычайны продаж сельгаспрадпрыемствамі ў асноўным збожжа, а дзякуючы фермерскім гаспадаркам і кааператарам — капусты, морквы, буракоў, цыбулі, яблыкаў… У параўнанні з мінулым годам сёлета чамусьці не гандлявалі, мяркую па Воранава, жывой рыбай, мясам. А вось жывыя тры цяляткі ды тры парачкі парасят з эксперыментальнай базы “Пагародна” вельмі хутка знайшлі сваіх пакупнікоў. Па тым візгу, што нарабілі на ўсю плошчу парасяты мясной пароды “ландрас”, калі пакупнікі засоўвалі іх ў мяшкі, адчувалася — жывёлы здаровенькія і будуць прыбываць у вазе, як кажуць, не па днях, а па гадзінах. Па словах прадстаўнікоў адміністрацыі гаспадаркі, ужо больш шырокі продаж парасят насельніцтву будзе наладжаны з наступнага года.


— Парасят на кірмашах кожны год, за выключэннем мінулага, купляю, — задаволена сказала Ядвіга, па ўсяму было відаць, вельмі спраўная гаспадыня. — Раней набывала з Клеткеніцкай фермы, вельмі добра раслі, а цяпер вось спадабаліся пагародзенскія, да наступнай восені, думаю,  ладных выгадаваць.


Шмат было ахвотнікаў на пшаніцу, ячмень, трыцікале, карысталася попытам і гародніна, а таксама вырабы народных рамеснікаў з Віцебска, Навагрудка і Міра. І ўсё ж людзей было мала, свае карэктывы тут унесла і надвор’е — было па-сапраўднаму холадна, няўтульна. Па ўсіх рэгіёнах краіны ўжо даўно адшумелі кірмашы, а нам трэба ж было дачакацца маразоў! Шкада было і артыстаў, у якіх ад холаду дзеравянелі вусны, мерзлі рукі і ногі. Які можа быць настрой, якія песні? Таму не дзіўна, што ля пляцоўкі перад Домам культуры, акрамя спевакоў ды спявачак, было пуста. Нават у гандлёвых палатках раённай кааперацыі, дзе можна было пачаставацца шашлыкамі, не было жадаючых!


Мала куплялі папкорн, салодкую вату, білеты бяспройгрышнай латарэі. Дарэчы, сёлета не была арганізавана бязпройгрышная латарэя менавіта сельгаспрадукцыі, а ў мінулыя гады яна карысталася вялікім попытам у людзей. Наогул, прыйшла пара штосьці мяняць у праграме кірмашоў, як кажуць, шукаць новы фармат, пазбаўляцца ад непатрэбнага і нецікавага. Вось, напрыклад, гаспадарчыя падворкі. Чаму б тых жа засмажаных парасят, карпаў, каўбаскі ды паляндвічкі, якія рыхтуюцца да агляду камісіі, не прадаваць па порцыях за ўмераную плату ўсім гасцям кірмашу? Упэўнены, што яны дастойна б ацанілі і размеркавалі адпаведныя месцы за кандытарскае і кулінарнае майстэрства гаспадынь жырмунскіх, пагародзенскіх, больцішскіх, гіркаўскіх і з іншых сельгаспадарак. А ўлічваючы водгукі людзей, раённая камісія ўжо заахвоціла б гаспадароў падворкаў і адпаведнымі грашовымі прэміямі.

Вось такія думкі і меркаванні, можа, ад холаду падчас воранаўскага кірмашу, кіравалі мной пры напісанні гэтай замалёўкі. Прабачце, калі што не так. Усім здароўя і дабрабыту!

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

На здымках: кірмашовыя выявы.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.



[gallery link="file" columns="2"]

Добавление комментария
CAPTCHA
*