Надзённыя клопаты вяскоўцаў

В райисполкоме 05 апреля 11 1468
Агульнавясковы сход у в. Дайнава (Беняконскі сельскі Савет) прыпаў на апошні сакавіцкі дзень. Запрашэнне на сустрэчу “народ-улада” дайноўцы прынялі — з розных канцоў разрозненай вёскі яны няспешна падцягваліся да вызначанага месца — бібліятэкі. Кожны з іх нёс у думках пытанне ці праблему (каб падчас сустрэчы агучыць яе), а самыя актыўныя чытачы прыхапілі яшчэ і кнігі для абмену.
Акрамя прадстаўнікоў мясцовай улады і кіраўнікоў асноўных служб (па частцы якіх звычайна ўзнікае найбольш пытанняў), у глыбінку наведаліся абласныя госці: пракурор аддзела абласной пракуратуры Георгій Падалянчык і галоўны спецыяліст арганізацыйна- аналітычнага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзяніс Мяцеліца. Каб даць магчымасць прысутным сабрацца з думкамі, размову пачалі госці. Іх выступленні складаліся з паведамлення апошніх навін з розных сфер жыццядзейнасці. Напрыклад, для вяскоўцаў актуальная праблема бяспекі: як асабістай процівапажарнай — аб ёй нагадаў прадстаўнік упраўлення Міністэрства надзвычайных спраў, так  і маёмаснай  — перасцярог пракурор з вобласці. Ён паведаміў, што больш 40% усіх правапарушэнняў — крадзяжы. Гаспадары пазбаўляюцца грашовых зберажэнняў, веласіпедаў, мабільных тэлефонаў, хатняй жывёлы і птушкі вельмі часта з-за сваёй няўважлівасці і нядбайнасці.
Прысутныя ўважліва слухалі выступленні, а затым пачалі выходзіць на дыялог. Калі размова зайшла аб медыцынскім абслугоўванні, абурыліся на нязручнасць талоннай сістэмы запісу на прыём у раённай паліклініцы.
— Хаця б раз у месяц тэрапеўт да нас прыязджаў, каб аб сваім самапачуванні расказаць ды й ціск памераць, — загаманілі на ўсе лады жанчыны.
— У рэгістратуру складана дазваніцца, — прадоўжылі тэму яны.
Тлумачэнні па ўсіх пытаннях даў галоўны ўрач Воранаўскай ЦРБ Аляксандр Ануфрыеў, а наконт апошняй  заўвагі адзначыў, што магчымасць падключэння яшчэ аднаго тэлефоннага нумару ў рэгістратуры будзе разгледжана.  
А далей пайшлі шматлікія “калі?”: “Калі з’явіцца баня ў вёсцы?”,“Калі чакаць газіфікацыі?”,“Калі вырашыцца лёс пустуючага клуба, які так “прыцягвае” мясцовых дзяцей?” Безумоўна, на ўсе пытанні падчас сустрэчы адказаць не ўдалося, але старшыня раённага Савета дэпутатаў Святаслаў Конан запэўніў, што без увагі яны не застануцца.
Вольга Вараб’ёва.
На здымку: удзельнікі схода.
Добавление комментария
CAPTCHA
*