Шчаслiвыя чыстыя сэрцам

Молодые МЫ 07 мая 15 2022


З 1 па 3 мая ў Смаргоні прайшлі XXII Дыяцэзіяльныя Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На спецыяльным цягніку пад назвай «Чыстыя сэрцам» вернікі прыбылі на свята. Смаргонскія гараджане вельмі гасцінна і сардэчна віталі нас, прадстаўнікоў Жырмунскай парафіі, у ліку дзвюх тысяч маладых людзей. Такая колькасць стала рэкорднай за ўсю гісторыю прaвядзення Дзён моладзі.

Cёлета гэтае каталіцкае свята прайшло пад дэвізам: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць». Праз гэты заклік Хрыста арганізатары хацелі засяродзіць увагу на адным з галоўных пытанняў для маладога чалавека — чысціні.

Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі — гэта ў першую чаргу сустрэча з Богам. Таму кожны дзень галоўным пунктам праграмы была Святая імша. Сустрэча пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакраменту. Моладзь шчыра малілася. У гэты ж дзень прайшла канферэнцыя. На другі дзень мерапрыемства наведаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які разам з біскупам гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім правёў набажэнства. У заключным слове Аляксандра Кашкевіча прагучала запрашэнне Святому Айцу прыехаць ў Беларусь.

Паколькі Днi моладзі — гэта таксама і супольная забава, канцэрты, спевы і танцы, на мерапрыемстве выступілі музычныя гурты “Laudans”, “Ave”, “Open”, “Crossway” і “Міласць”. Рэлігійнай музыкай маладыя хрысціяне паказалі сваім аднагодкам, што рэлігія — гэта цудоўна, толькі з Богам чалавек можа знайсці сваё шчасце.

Пакідаючы Смаргонь, мы адчувалі не толькі еднасць з аднагодкамі-аднадумцамі, але, што самае галоўнае, з Богам. Хочацца выказаць словы па-дзякі арганізатарам цудоўнага свята, на якім моладзь сапраўды змагла дакрануцца да вытокаў веры.

Аляксандра ІВАНЧ, прыхаджанка з Жырмун.

Фота Кацярыны ЦЫліндзь.

Дарэчы


Дыяцэзіяльныя Дні моладзі пачалі праводзіцца ў 1993 годзе. Менавіта тады біскуп Аляксандр Кашкевіч па прыкладзе Яна Паўла ІІ вырашыў надаць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд адбыўся ў маі 1993г. З той пары штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву.
Добавление комментария
CAPTCHA
*