Молімся за продкаў з бяспекай для здароўя

Духовность 31 октября 20 1472
IMG_5387

Каталіцкі касцёл адзначае 1 лістапада ўрачыстасць Усіх Святых, а 2 лістапада — успаміны ўсіх памерлых вернікаў. Гэтыя дні католікі праводзяць у малітве за адышоўшых у вечнасць блізкіх і знаёмых, наведваюць могілкі, дзе тыя пахаваны. Захоўваючы традыцыі продкаў, разам з тым не варта забываць пра складаную эпідсітуацыю ў краіне. Як з улікам пагрозы захворвання на CОVID-19 будуць арганізаваны святыя імшы на Воранаўшчыне, карэспандэнт “ВГ” пацікавілася ў мясцовых святароў.

— Канешне ж, мы не павінны забываць аб тым, што памерлыя патрабуюць нашай малітвы. У пачатку лістапада трэба яшчэ больш часу прысвяціць гэтаму, — гаворыць настаяцель касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў в. Германішкі Дзяніс Крываносаў. — Успамінаючы продкаў, у існуючых сёння рэаліях мы ў першую чаргу павінны клапаціцца пра зберажэнне свайго здароўя, выконваць усе рэкамендацыі санітарнай службы: у касцёл прыходзіць у масках, праводзіць дэзінфекцыю рук. Неабходна паважаць адзін аднаго: не ствараць натоўпу, захоўваць дыстанцыю.

Каб у Дзень памяці перажыванні за стан здароўя не перашка-джалі малітве, ксёндз Дзяніс 1 лістапада арганізоўвае святую імшу а 12 гадзіне на вуліцы. Алтар часова размесцяць на былым школьным стадыёне, што знаходзіцца ля могілак. Добра чуць словы святара дапаможа гукатэхніка.

Паклапаціўся святар і пра сталых людзей свайго прыхода, якім цяжка ўсё набажэнства правесці на нагах. Як звычайна, яны могуць прыйсці на імшу ў касцёл.

Як паведаміў настаяцель касцёла Святых апосталаў Сымона і Юды Фадзея ў Воранаве Анджэй Вітэк, у нядзелю ў райцэнтры імша таксама пройдзе на вуліцы. Воранаўскія святары чакаюць вернікаў у 11.00 ля храма.

— У звычку прыхаджан касцёла Святога Лінуса ў Пелясе даўно ўвайшло захаванне санітарна-гігіенічных норм, якія засцерагаюць нас ад захворвання на каранавірус, — дзеліцца настаяцель храма Леанід Ладыш. — А 1 лістапада малітва будзе складацца з дзвюх частак. У 10.00 у касцёле распачнецца святая імша. Пасля яе заканчэння працягнем маліцца за памерлых на могілках.

Па словах настаяцеля касцёла Маці Божай Ружанцовай у Радуні Станіслава Пацыны, падчас распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі вернікаў у храме стала значна менш. Таму ў нядзелю святар не чакае вялікага натоўпу. На яго погляд, дзвюх святых імшаў у 10.00 і 13.00 будзе дастаткова для таго, каб вернікі змаглі захаваць сацыяльную дыстанцыю ў вялікім па памеры касцёле. Разумеючы ўсю складанасць эпідсітуацыі, святар адмяніў 2 лістапада традыцыйны Крыжовы шлях.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Галіны ШЛЕМПЫ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*