Дзевяностую восень сустрэў Антон Вінцэнтавіч Будрэвіч з вёскі Будрэвічы Жырмунскага сельсавета

Год малой родины 21 ноября 20 1758
1

Напярэдадні юбілею мы завіталі ў госці да мужчыны. Вельмі прыемна ўразіў акуратны дворык.

— Некалькі тыдняў таму ён патанаў у кветках. З дзяцінства іх люблю, — ветліва сустрэў гасцей Антон Вінцэнтавіч, — саджу нават вакол студні. Шкада, што вы не прыехалі ўвесну. Так прыгожа цвілі цюльпаны! Я і агарод саджу, — працягнуў “экскурсію” субяседнік. — Свае бульба, бурачкі, морква. Купляць не трэба.

Незаўважна за размовай зайшлі ў звычайную вясковую хатку. У ёй утульна, чысценька, кожная рэч на сваім месцы. Бачачы маё здзіўленне, субяседнік усміхнуўся:

— Не магу без працы. Тата мой быў вельмі здольным чалавекам. З раніцы да позняга вечара завіхаўся ля хаты. А разважлівасць і любоў да парадку ў мяне ад матулі.

Антон Будрэвіч нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. Апроч яго, падрасталі чатыры браты і сястра. Працаваць дзецям даводзілася многа. Старэйшыя дапамагалі бацьку касіць, баранаваць. А малодшы Антон быў памагатым матулі. Складана было апрацоўваць сваю зямлю. Восем гектараў раскіданы па ваколіцы, дый для такой вялікай сям’і іх было малавата. Таму даводзілася яшчэ браць зямлю і ў арэнду. Нягледзячы на цяжкасці, у школу дзяцей бацькі адправілі. Тады навучанне ішло на польскай мове. Але мой герой не змог закончыць нават другі клас — пачалася вайна… Пасля ліхалецця ўзнаўлялася гаспадарка, жыць было складана. Каб не галадаць, даводзілася яшчэ больш налягаць на працу. Таму Антон хадзіў у школу толькі зімой, калі земляроб адпачывае.

2

Бацькі хацелі лепшай, чым у іх, долі для хлопца. Паклапаціліся, каб ён уладкаваўся на працу не ў калгас, а на чыгунку ў Бастуны. Хоць маладосць акрыляла, аднак у Антона часамі сіл не хапала працаваць на чыгуначным шляху. Калі ж даведаўся, што побач якісьці мінчанін адкрыў кар’ер і там на пагрузку камянёў патрэбны рабочыя, без роздуму змяніў працу. Па тых мерках плацілі няблага. Змог сам прыдбаць абутак і адзенне, не забыўся дапамагчы і бацькам.

IMG_5667

Малады чалавек адчуваў, што трэба знайсці свой шлях у жыцці, які будзе па душы. Антон Вінцэнтавіч яшчэ раз змяніў прафесію і стаў працаваць на электрападстанцыі ў Воранаве. Літаральна на яго вачах электрычнае святло прыходзіла ў дамы землякоў. Але сапраўды на сваім месцы адчуў сябе, калі ўладкаваўся на паштовае аддзяленне ў Жырмунах. Трыццаць пять год паштальён насіў вяскоўцам карэспандэнцыю, лісты, паштоўкі.

— Трынаццаць вёсак было ў мяне на абслугоўванні, — успамінае Антон Вінцэнтавіч. — І хутароў нямала. Асабліва цяжка было дабірацца туды зімамі, якія нельга параўноўваць з цяперашнімі — конь “тапіўся” ў гурбах. А пенсію торбамі насіў, тады былі яшчэ “вавёрачкі”. Жанчыны па некалькі разоў іх пералічвалі, баяліся памыліцца. У адной хаце мог паўгадзіны правесці…

У размове з Антонам Вінцэнтавічам адчуваецца, што, нягледзячы на складанасці, любіў ён сваю справу. Гаваркі і адкрыты, ён мог знайсці стасункі з рознымі людзьмі. Стараннага паштальёна цаніла кіраўніцтва, не раз прэміравала. З калегамі ён падарожнічаў па Беларусі, выязджаў у цікавыя экскурсіі ў Расію, Латвію, Украіну. На памяць прывозіў фотаздымкі, якія беражліва заховаўвае і з гонарам дэманструе гасцям.

Разам з субяседнікам перагарнулі здымак за здымкам. На іх адлюстравана гісторыя чалавека, які паважае людзей, не баіцца працы і шчыра верыць у Бога. Пэўна, гэта і мацуе яго дух, дадае жыццёвых сіл.

IMG_5676

З юбілеем Вас, Антон Вінцэнтавіч! Моцнага Вам здароўя, радасці на сэрцы і мноства пазітыўных эмоцый!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара і з архіва Антона БУДРЭВІЧА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*