Свята мiру i еднасцi

Актуально 13 мая 11 1650
Ля брацкай магілы ў цэнтральным скверы пасёлка завяршыўся аўтавелапрабег памяці, дзе яго ўдзельнікі, а таксама прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, моладзь, школьнікі сабраліся ля Вечнага агню. 
Мітынг, прысвечаны Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адкрыў старшыня Воранаўскага райвыканкама Мікалай Розум. Са словамі ўдзячнасці і найлепшымі пажаданнямі ён звярнуўся да ганаровых гасцей — ветэранаў вайны і працы, з заклікам захаваць і памножыць працоўнымі поспехамі здабытае імі ў нялёгкай барацьбе — да грамадскасці і моладзі. Некалькі соцен позіркаў скіравалася ў яснае мірнае неба над помнікам, дзе  залунаў чырвона-зялёна-белы сімвал нашай краіны — сцяг. Гонар падняцця яго быў аказаны ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, Ганароваму грамадзяніну Воранаўскага раёна Міхаілу Луцэнка і вучаніцы Пагародненскай школы, пераможцы раённага конкурсу «Вучань года-2011» Іне Пашкелевіч.
Па традыцыі ў гэты дзень членскія білеты атрымалі лепшыя прадстаўнікі моладзі, якія папоўнілі рады ГА «БРСМ», а больш сотні чатырохкласнікаў Воранаўскай сярэдняй школы на гэтым свяшчэнным месцы перад грамадскасцю, ветэранамі і кіраўніцтвам раёна прамовілі ўрачыстае абяцанне піянераў. 
Што ведаюць аб галоўных сімвалах сваёй Радзімы яны, чые школьныя формы ўпрыгожыў піянерскі гальштук? Вучняў 4 “Д” класа, выдатнікаў Вадзіма Радзько і Вольгу Кейза, не збянтэжыла маё пытанне — яны ўжо вывучалі гэту тэму на ўроках “Чалавек і свет”, а таму, дапаўняючы адзін аднога, упэўнена адказалі:
— У кожнай краіны свету ёсць свае сімвалы — герб і сцяг. Нашыя былі зацверджаны ў 1995 годзе. Кожны колер на сцягу і малюнак на гербе мае свой сэнс. Напрыклад, чырвоны — колер крыві, якую пралілі падчас вайны нашыя абаронцы, зялёны — колер прыроды, палёў і лясоў, белы — свабоды і духоўнай чысціні беларусаў. Зямля і сонца на гербе — сімвалы жыцця, лён — мірнай працы, пяціканечная зорка — знак мужнасці. Сімвалы нашай Радзімы сведчаць аб яе незалежнасці і адзінстве беларускага народа.
Чарговы раз воранаўцы збіраюцца на мітынг ля помніка, каб аддаць даніну павагі і памяці слаўным і трагічным старонкам гісторыі краіны, яе героям. Хвіліна маўчання, ускладванне кветак, сімвалічны залп... Толькі ўсё менш іх, жывых сведкаў і ўдзельнікаў ваенных падзей, на каго мы звяртаем погляд, калі дзякуем за мір. За паўтара года на  вечны спачын адышло дзевяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жылі на Воранаўшчыне. Нямногія з тых, хто застаўся, знайшлі ў сабе фізічныя сілы прыйсці на мітынг, каб раздзяліць з землякамі радасць двух святаў — міру і нацыянальнай еднасці.
Вольга Вараб’ёва.











Добавление комментария
CAPTCHA
*