Крынiца мудрасцi i славянскай еднасцi

В посёлке 21 июля 15 1170


Беларусь і Польшчу звязваюць шматвяковыя традыцыі добрасуседскіх адносін, асабліва гэта тычыцца духоўных, культурных, сяброўскіх кантактаў. Часам цяжка знайсці грань, якая падзяляе беларускі і польскі народы. Варта ўзгадаць А. Міцкевіча і Э. Ажэшку, М. Агінскага і С. Манюшку, творчасць якіх з’яўляецца неацэнным багаццем як польскай, так і беларускай гісторыі і культуры.

Улады нашых краін імкнуцца забяспечыць спрыяльныя ўмовы для захавання, развіцця і выражэння нацыянальнай, культурнай, моўнай, этнічнай самабытнасці, свабоды веравызнання. Гэта зафіксавана ў Дагаворы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 года. Наша Воранаўшчына, на тэрыторыі якой пражывае каля 80 працэнтаў этнічных палякаў — яскравае таму пацвярджэнне. Жыхары раёна, у якіх польскія карані, маюць магчымасць вывучаць родную мову ў навучальных установах, дэманстраваць свае дэкламатарскія здольнасці падчас раёнага і абласнога літаратурных конкурсаў польскай паэзіі, удзельнічаць у алімпіядах па веданні мовы сваіх продкаў. Амаль ва ўсіх касцёлах богаслужэнні праводзяцца на польскай мове. Сталі ўжо традыцыйнымі такія мерапрыемствы, як велікодныя і калядныя сустрэчы, ініцыятарамі якіх з’яўляюцца раённы выканаўчы камітэт і раёны аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”.



Вось і на мінулым тыдні ў Воранаўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адбылося чарговае мерапрыемства — творчы вечар беларуска-польскай культуры. Гэта вечарына не была загаддзя запланавана, ідэя яе правядзення нарадзілася нечакана. Справа ў тым, што на Воранаўшчыне ўжо некалькі тыдняў працуе група польскіх студэнтаў інстытута музыкалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, кафедры музыкалогіі ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані, а таксама  інстытута этнаграфіі і этналогіі культуры Варшаўскага ўніверсітэта на чале з доктарам музыкалогіі Лукашам Смолюхам. Маладыя навукоўцы прыехалі да нас, каб прадоўжыць працу, распачатую 20 год таму прафесарамі з Познані, якія збіралі польскі фальклор на тэрыторыі нашага раёна. Тады было запісана шмат песень, баек і вершаў у выкананні нашых землякоў. Сёлетняя навуковая экспедыцыя атрымалася яшчэ больш ураджайнай: студэнты назбіралі столькі матэрыялаў, што для іх апрацоўкі спатрэбіцца каля паўгода. Дапамаглі ім ў гэтым мясцовыя ўлады: аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі быў выдзелены транспарт, а суправаджала даследчыкаў дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская, якая як ніхто ведае носьбітаў нацыянальных культур і традыцый. Самымі актыўнымі аказаліся ўдзельнікі хору ветэранаў “Землякі” са сваім кіраўніком Аляксандрам Мацюком.



Падчас чарговай сустрэчы і было вырашана правесці творчы вечар, дзе на адной сцэне змаглі бы выступіць і польскія студэнты, і нашыя самабытныя артысты. У падрыхтоўку адразу ж уключыліся раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу і раённы аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”.

На вечарыну сабралася шмат людзей, сярод запрошаных былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Роік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама Алена Ястрэмская, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Анатоль Радзько, настаяцелі касцёлаў Анджэй Вітэк і Генадзь Рамашка, а таксама настаяцель праваслаўнага храма іерэй Ігар Валошын. Пасля прывітальных слоў гасцей на сцэне з’явіўся народны калектыў, які ведаюць і любяць не толькі на Воранаўшчыне, але і ў многіх гарадах і вёсках суседняй Польшчы, — “Лявоны”. Беларускія і польскія песні ў іх выкананні падарылі бадзёры настрой і задалі тон мерапрыемству. Сапраўдную феерыю народнай музыкі і танцаў у сучасным выглядзе прадэманстравалі госці з Польшчы. А вось калі да іх яшчэ далучыліся і “Землякі”, то атрымалася сапраўды цікавае і непаўторнае выступленне. Нездарма кажуць, дзе квітнее культура і мастацтва, нараджаюцца таленавітыя людзі. Гэта пацвердзілі Анастасія Куель і вакальны калектыў “Канвелішскія штукары”. Зачараваў прысутных і голас вядучай Юліі Конан, якая выканала прыгожую лірычную польскую песню. А гарэзлівыя струны балалайкі ў руках нашага музыкі Уладзіслава Буклярэвіча, здавалася, “Кадрыль” самі танцавалі. Пад заслону прагучала песня пра Беларусь у выкананні Таццяны Цевель.



Прыгожым заканчэннем творчага вечара сталі словы вядучага Аляксея Дайлідкі: “Паважаныя сябры, вось мы і расквецілі фарбамі творчасці беларуска-польскай культуры нашу сустрэчу. Няхай гэтыя фарбы ўпрыгожваюць кожны дзень натхнёнай працы людзей пад мірным небам нашых краін”.

На вечарыне пабывалі Наталля ІВУЦЬ

і Алег БЕЛЬСКІ (фота).
Добавление комментария
CAPTCHA
*