Настаўнікамі застаюцца на ўсё жыццё



Даўно адзначана  і праверана  часам, што выпадковыя людзі ў школе не затрымліваюцца. Застаюцца толькі тыя, хто любіць сваю работу і вучняў.

У   Пагародзенскай сярэдняй школе шмат таленавітых педагогаў. Напярэдадні  Дня  настаўніка мне хочацца расказаць пра цудоўнага чалавека і педагога, які дарыў дзецям  сваю любоў, цяпло, трывалыя веды на працягу сарака васьмі гадоў. Гэта былы настаўнік біялогіі нашай  школы  Крысціна Станіславаўна Груца. Яшчэ будучы вучаніцай, яна захаплялася біялогіяй і хіміяй, таму пасля заканчэння  школы  паступіла ў  Мінскі  дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (цяпер — М.Танка) на  біялагічны факультэт, які паспяхова закончыла  ў 1975  годзе. Малады педагог-біёлаг разам з мужам  прыехала ў Пагародна. Не адразу давялося  працаваць па спецыяльнасці. Паспрабавала сябе на пасадзе выхавацеля групы падоўжанага дня, піянерважатай.

З  першых  хвілін  сустрэчы  гэта  жанчына  звяртае на сябе ўвагу: заўсёды  добразычлівая, ветлівая, энергічная. Яе  мяккі  голас, добрыя  ласкавыя  вочы прыцягваюць да сябе лю-дзей, зараджаючы  аптымізмам, вераю ў свае сілы. Крысціна  Станіславаўна надзелена цудоўнымі якасцямі: пра-статой, адкрытасцю, інтэлегентнасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. Прынцып яе  работы — асцярожна і беражліва дапамагчы дзіцяці раскрыцца, усяліць у яго ўпэўненасць, даць адчуць сваю каштоўнасць  як  асобы.

Шмат сіл і энергіі аддала Крысці-на Станіславаўна сваім вучням, навучыўшы іх не толькі разбірацца ў пытаннях біялогіі, але і ў радасці пазнання. Няма такой справы, з якой  бы настаўніца не справілася. Яе вучні паспяхова прымалі ўдзел у алімпіядах, эколага-біялагічных канферэнцыях, шматлікіх конкурсах. Вось толькі некалькі прыкладаў за  апошнія гады. У 2013 годзе Кацярына Дайлідка заняла 3-яе месца  на абласным  этапе;  у  2014-ым Дзіяна Зуевіч заваявала  3-яе месца  на  раённым этапе. 2015 год таксама  быў  значным  для  настаўніцы: вучань 7 класа Раман Шалкоўскі стаў пераможцам раённай  алімпіяды па біялогіі, а васьмікласнік  Іосіф Календа атрымаў  другое  месца. Яе выпускнікі цяпер паспяхова працуюць у самых розных галінах. Многія  паступілі ў медыцынскія ўніверсітэты, а таксама ў педагагічныя на біялагічны факультэт.

Педагагічнае  майстэрства Крысціны Станіславаўны  немагчыма  ацаніць  ніякімі  катэгорыямі. Кожны, хто працуе ў школе, працуе на будучае. Дарэчы, настаўнікам  біялогіі з  гэтага навучальнага года працуе былая выпускніца  школы Аляксандра  Аляксандраўна Буклярэвіч, у мінулым вучаніца Крысціны Станіславаўны. Яна з  задавальненнем выкладае біялогію ў роднай школе, у чарговы раз выкарыстоўваючы  настаўніцкі талент любімага педагога. Спадзяёмся, што і ў студэнта-першакурсніка біялагічнага факультэта БДУ Андрэя Жукоўскага здзейсняцца  ўсе  мары, якія ён давяраў   Крысціне Станіславаўне.

К.С. Груца не толькі выдатны педагог, але і клапатлівая  жонка, маці, бабуля. Разам з мужам Антонам Іванавічам выгадавалі і выхавалі дзвюх  дачок Вераніку і Ганну, цудоўных лю-дзей і граматных спецыялістаў. Вера-ніка, у якой з дзяцінства выхоўвалася любоў да  прыроды, звязала сваё жыццё з экалогіяй. А малодшая, як маці, стала настаўніцай, толькі пачатковых класаў.

У гэтым навучальным  годзе Крысціна Станіславаўна не  працуе ў школе, але 1 верасня для яе па-ранейшаму радасны і святочны дзень. Настаўнікамі застаюцца на ўсё  жыццё, пагэтаму не магла яна не прыйсці на ўрачыстую трыццаць дзявятую лінейку ў  Пагародзенскай школе.

Жадаю Вам, Крысціна Станіславаўна, адчуваць сувязь са сваімі вучнямі і былымі калегамі праз многа гадоў пасля працы ў школе. Няхай і ў далейшым людзі побач з Вамі  зараджаюцца энергіяй і атрымліваюць запал бадзёрасці!

Алена ЛАСТОЎСКАЯ,

настаўніца Пагародзенскай СШ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*