Для плённай працы ёсць аснова

Итоги года 26 февраля 16 2078


Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама падвёў вынікі працы за мінулы год. На нарадзе прысутнічалі старшыня райвыканкама М.А. Розум, начальнік эканамічнага аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Г.А. Багдзевіч.

У сферы культуры працуюць таленавітыя, творчыя людзі, здольныя заахвоціць да сумеснай дзейнасці вучняў. Гэта прадэманстравала выстава цікавых і разнастайных работ у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу, арганізаваная аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры і Воранаўскай дзіцячай школай мастацтваў.

Аб працы ўстаноў культуры раёна ў мінулым годзе, прыярытэтных накірунках дзейнасці ў цякучым расказала начальнік аддзела Алена Мар’янаўна Ястрэмская. Сёння ў га-ліну культуры нашага раёна ўваходзяць 44 установы, шэсць калектываў маюць найменне “народны”, два — “узорны”. Радуюць сваімі поспехамі вучні діцячых мастацкіх школ, асабліва радунскай. Па выніках конкурсаў розных узроўняў імі было атрымана 25 дыпломаў і 6 грамат. Найбольш плённа працавалі ў гэтым накірунку такія настаўнікі, як Л.І. Качурка, П.Ч. Казлоўскі, Г.В. Пяцюн, А.С. Чывель, В.С. Наркун, В.В. Пышынскі, Т.І. Ткачук, М.М. Саковіч. Сапраўднымі зоркамі сталі вучні Радунскай ДШМ Аляксандр Барташэвіч і  Аляксандр Чывель.

У аснове працы клубных устаноў заставаліся арганізацыя культурна-дасугавай дзейнасці, развіццё аматарскай творчасці і інш. Найбольш актыўна ўдзельнічалі ў розных святочных мерапрыемствах Пагародзенскі, Забалацкі, Нацкі, Больцішскі, Больцініцкі, Жырмунскі і Радунскі цэнтры культуры. У гэтым накірунку неабходна падцягнуцца іншым установам.

Запыты аматараў кнігі задавальнялі 19 бібліятэк, куды  наведваліся 17 712 чытачоў. У трыццаць населеных пунктаў кнігі дастаўляліся бібліёбусам.

Важным звяном у дзейнасці, як і раней, з’яўляецца праца па захаванні аўтэнтычнага фальклора, рэчаў этнаграфічнага характару. Так, сумесная работа з фальклорнай экспедыцыяй групы студэнтаў інстытута музыкалогіі, этнаграфіі і этналогіі Варшаўскага ўніверсітэта ў ліпені мінулага года дазволіла папоўніць картатэку аўтэнтычнага фальклора нашага раёна. Актыўна працуе ў напрамку адраджэння і развіцця школы ткацтва ўдзельніца фальклорна-абрадавага гуртка “Спадчына” Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці, народны майстар Рэспублікі Беларусь С.В. Міхна. Будзе прадоўжана праца па прывядзенні ў належны стан тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў “Фрагменты парку XVIII ст. у аг. Пагародна”, “Фрагменты парку Больцінікі ХІХ стагоддзя”.



Прааналізавала ідэалагічную работу намеснік начальніка аддзела Лілія Антонаўна Каланас. Асаблівая ўвага ў мінулым годзе ўдзялялася кадраваму забеспячэнню ідэалагічнай работы ў арганізацыях раёна, стану працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны. Органы дзяржаўнага кіравання, ідэалагічнай вертыкалі цесна ўзаемадзейнічалі з прадстаўнікамі мясцовага самакіравання, на неабходным узроўні была арганізавана работа добраахвотных дружын, якія ўдзельнічаюць у ахове грамадскага парадку. У 2015 годзе сярод саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку лепшым у раёне быў прызнаны савет ГПАП Канвелішскага сельвыканкама.

У раёне дзейнічаюць Камуністычная партыя Беларусі, Радунскае і Пяляскае грамадскія аб’яднанні літоўцаў, 22 раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў. Сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі актыўна праводзіліся патрыятычныя мерапрыемствы, а таксама было наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне падчас выбарчай кампаніі. Так, 72,7% іх членаў удзейнічалі ў раённых выбарчых камісіях, 54,5% — участковых.

Этнаканфесійная сітуацыя на тэрыторыі раёна застаецца стабільнай і прагназуемай. Значнай падзеяй для праваслаўных вернікаў г.п. Радунь стала асвячэнне храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай.



Працягваецца і міжнароднае супрацоўніцтва з Беларускімі культурнымі цэнтрамі г. Шальчынінкай Літоўскай Рэспублікі і “Радзіма” г. Астана Рэспублікі Казахстан.

Прыярытэтным накірункам заставалася праца з моладдзю. Ствараліся неабходныя ўмовы па замацаванні маладых спецыялістаў на працоўных месцах.

Прыемным момантам мерапрыемства стала ўзнагароджанне па выніках працы за мінулы год лепшых ідэалагічных работнікаў і работнікаў культуры.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*