Фестываль для душы

С праздником 07 октября 11 1475
Воранаўская зямля не толькі гасцінная і шчодрая, але і багатая на таленты. У гэтым яшчэ раз дапамог пераканацца фестываль рэгіянальнага фальклора “Панямоння жыватворныя крыніцы”.
2 кастрычніка ў Жырмунскім сельскім Доме культуры адбыўся занальны агляд-конкурс, у якім прынялі ўдзел творчыя калектывы Воранаўшчыны. Яго праграма была насычана народнымі песнямі, байкамі і вершамі.
Як і на любым конкурсе, на фестывалі прысутнічала журы — супрацоўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Мерапрыемства не абмінулі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады — намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Мечыслаў Уляшка і старшыня Жырмунскага сельскага Савета Мечыслаў Швед.
Кожнага выканаўцу зал сустракаў шчыра і радасна. Уразілі гледачоў выкананне вядомых народных песень народным ансамблем “Лявоны”, самадзейнымі калектывамі “Крыніца”, “Курчоўскія напевы”, фальклорнымі гуртамі “Суседачкі”, “Канвелішскія штукары”. Віялета Жэгздрын, салістка фальклорна-абрадавага калектыву “Наша спадчына”, сабрала шчодрыя апладысменты дзякуючы непаўторнаму голасу. А падчас выступлення дуэтаў фальклорных калектываў “Зямляне” і “Зямлячкі” многія ў зале нават падпявалі ім. Ірына Дабрадзей павесяліла гледачоў байкай, а выступленні Марыі Сакалоўскай мелі сваю іскрынку і  адметны каларыт (менавіта яны і былі адзначаны журы — заўв. аўт.).
Упэўнена, што мерапрыемства прынесла задавальненне і гледачам, і ўдзельнікам. Яно аб’яднала людзей, зацікаўленых у захаванні сваіх каранёў і культуры.  І хоць на сцэне былі не зоркі эстрады, а самыя звычайныя людзі, дзейства не проста зачаравала ўсіх прысутных сваёй непаўторнасцю, але і ўзбагаціла духоўна.
Наталля ФЁДАРАВА.
На здымках: выступае калектыў “Курчоўскія напевы”; журы падводзіць вынікі агляду-конкурсу.
Фота аўтара.

Добавление комментария
CAPTCHA
*