Сустрэча з беларускiмi пiсьменнiкамi



Падзенне цікавасці да чытання з’яўляецца фактам сённяшняга дня. Кнігі за апошні час, як здаецца, згубілі сваю неабходнасць. Безумоўна, лягчэй, прыйшоўшы дамоў, уключыць тэлевізар ці камп’ютар і расслабіцца, чым узяць у рукі разумную кнігу і задумацца.

З мэтай пашырэння інтарэсу да беларускай літаратуры Нацыянальны інстытут адукацыі правёў рэспубліканскі інтэрнэт-праект “Чытацкая культура і культура чытання”. У віктарыне прынялі ўдзел 3 137 вучняў з розных рэгіёнаў краіны. Пераможцаў — толькі 24. Сярод іх вуча-ніца 5 класа Пагародзенскай СШ Аляксандра Ненартовіч, якую запрасілі ў Нацыянальны інстытут адукацыі (г. Мінск) на творчую сустрэчу  чытачоў з дзіцячымі беларускімі пісьменнікамі. Юных аматараў кнігі сустракалі Алесь Бадак, Алесь Карлюкевіч, Яўгенія Пастэрнак, Людміла Рублеўская.

— Я ў захапленні ад паездкі: упершыню ўбачыла Мінск, пакаталася ў метро і, канечне, убачыла сапраўдных беларускіх пісьменнікаў, творы якіх з захапленнем чытала, — расказвае Саша. — Пра конкурс я даведалася ад сваіх настаўнікаў Валянціны Валер’еўны Гень і Вацлавы Станіславаўны Гурскай. Яны натхнілі мяне і маіх аднакласнікаў на ўдзел. Вельмі рада, што стала пераможцай. Чытаць я люблю, чытаю вельмі шмат, а цяпер для сябе адкрыла, што ў Беларусі ёсць вялікая колькасць цікавых мастакоў слова, якія пішуць для дзяцей.

Аляксандра падзялілася, што з непрытоенай цікаўнасцю і шчырасцю слухала выступленні пісьменнікаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцам праекта ўручалі дыпломы. Аляксандра атрымала ўзнагароду, невялікія падарункі, а таксама кнігу з аўтографам Алеся Мікалаевіча Карлюкевіча.

Напрыканцы арганізатары праекта выразілі жаданне часцей праводзіць такія мерапрыемствы не толькі на аснове інтэрнэт-рэсурсаў, але і падчас жывых творчых сустрэч.

Уладзіслаў Гурэцкі,

член рэдкалегіі “Школьнай газеты” Пагародзенскай СШ.

Фота з архіва Аляксандры Ненартовіч.
Добавление комментария
CAPTCHA
*