У падарожжа на касмiчным караблi



Некалькі год запар  на базе Паляцкішскай сярэдняй школы функцыянуе летні аздараўленчы лагер “Сонейка”.  Сёлета на працягу васямнаццаці чэрвеньскіх дзён  20 дзяцей мелі магчымасць цікава і займальна правесці вольны час у лагеры. Актыўны адпачынак  прайшоў у выглядзе пазнавальнай гульнёвай праграмы “У падарожжа на касмічным караблі”. На імправізаваным зоркалёце дзеці падарожнічалі, кожны дзень наведваючы розныя планеты: казак, юных эколагаў, вясёлых і знаходлівых, спорту і здароўя, працы. Запамінальнай была экскурсія ў школьны музей, падчас якой настаўнік гісторыі А.М. Васько расказаў дзецям шмат цікавага аб родным краі, пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пазнавальнымі былі экскурсіі і ў Ліду, Мірскі замак.

Цеснае ўзаемадзеянне школы з суб’ектамі соцыуму дазволіла зрабіць адпачынак навучэнцаў яшчэ і насычаным. Аздараўленчы лагер наведалі інспектар ДАІ РАУС А.В. Сцефановіч і ўчастковы інспектар ІСН РАУС А.У. Савоська. Яны расказалі дзецям аб неабходнасці захавання Правіл дарожнага руху, арганізавалі гульню-падарожжа “Бяспечны маршрут”, правялі гутарку “Ведай правы — выконвай абавязкі”. Шмат увагі таксама ўдзялялася навучанню дзяцей здароваму ладу жыцця. Фельчар Паляцкішскага  ФАПа Л.М. Малашэвіч дапамагла правесці практычныя заняткі па навучанні дзяцей  аказанню першай медыцынскай дапамогі пацярпеўшаму, дала параду, як правільна займацца загартоўваннем. Весела прайшлі мерапрыемствы ў Паляцкішскім цэнтры культуры і вольнага часу. Развіццю пазнавальнай актыўнасці і чытацкай культуры садзейнічала наведванне сельскай бібліятэкі, дзе яе загадчыца Т.А. Стацэвіч знаёміла дзяцей з навінкамі літаратуры. Канешне ж, па-за ўвагай не заставаўся спорт. Школьнікі ўдзельнічалі ў спартландыях,  эстафетах, рухомых гульнях. З задавальненнем наведалі  пагранпост “Драбішуны”, дзе сустрэліся з вайскоўцамі (на здымку).

За час “сонейкавай” змены, несумненна, вучні ўмацавалі сваё здароўе, атрымалі шмат пазітыўных эмоцый. Да таго ж, вольны час правялі з карысцю.

Іван ГАБІС,

сацыяльны педагог Паляцкішскай

сярэдняй школы.

Фота з архіва школы.
Добавление комментария
CAPTCHA
*