Што трапіў у Афганістан, дамоў напісаў не адразу

Страницы истории 14 февраля 12 2011

Франц Юрэка з вёскі Тракелі прызваўся на службу ў савецкую армію расквечаным маем 1979 года. Правучыўся паўгода ў Чарнаўцах (артылерыйскае процітанкавае вучылішча), затым у званні сяржанта праходзіў службу ў Чэхаславакіі. А тым часам усё часцей пісалася аб Афганістане, куды ўжо былі ўведзены савецкія войскі. Загаварылі аб той неспакойнай краіне і ў палку Франца. І вось 14 студзеня 1980 года з двух палкоў фарміруецца адзін, які адпраўляецца на мяжу пад Тэрмез. Там фарміраванне ўкамлектоўваецца новай баявой ваеннай тэхнікай і сваім ходам праз Амудар’ю  прыбывае на тэрыторыю Афганістана пад горад Мазары-Шарыф.

— Так пачалася з лютага 1980 і доўжылася па ліпень 1981 года афганская старонка ў маім жыцці. Сваім родным прызнаўся не адразу, што служу ў Афганістане. Яшчэ ў апошнім пісьме з Чэхаславакіі напісаў, што буду ў доўгай камандзіроўцы, не турбуйцеся, — успамінае Франц Іванавіч.

Успамінае спакойна, быццам і не было тых трывожных і небяспечных дзён і начэй на чужой зямлі. Але ў яго вачах мне прачыталіся мужнасць і сціпласць, гонар і годнасць усіх тых (зусім маладых на той час) савецкіх воінаў.

— Спачатку было цяжкавата, нават сталовай, кухні не было. На суткі буханку хлеба на дваіх выдавалі, кансервы, тушонку. Але яды не хапала, хлопцы ж усе маладыя... Пабрыцца, памыцца таксама было праблемна. Гэта ўжо потым, калі прысвоілі нумар вайсковай часці, пякарня з’явілася, салдаты маглі першае і другое з’есці, вадавозка рэгулярна прыязджала, баня на калёсах. Былі ў нас палаткі, але там жылі мала, у асноўным у БТР або бліндажах. Прывык. Тады і напісаў дамоў (мо праз месяцаў пяць), дзе знаходжуся. Вядома ж, як служыцца падрабязна не пісаў, маўляў, па тэлевізары і па радыё пабачыце і пачуеце, у газетах прачытаеце. У адказ — цёплае бацькоўскае “перажываем, беражы сябе, вельмі чакаем”. У нашым асобным процітанкавым узводзе я быў камандзірам процітанкавага разліку. Суправаджалі калоны і ахоўвалі газавы завод. Хлопцы падабраліся стойкія. За ўвесь час службы не было такіх выпадкаў, каб хто-небудзь прыкідваўся хворым ці стараўся адсядзецца ў бяспечным месцы. Усе выязджалі на аперацыі, а там ужо залежала ад абставін, як каму пашанцуе. Але не ўсім выпадала ваеннае шчасце. На свае вочы бачыў, як загінуў у гарах камандзір батальёна. Шмат тады душманы з кулямёта паранілі і радавых салдат. А сярод іх былі і тыя, хто вось-вось павінен быў дэмабілізавацца. Цяжка ўспамінаць...

На шчасце, з яго ўзвода ніхто не загінуў, стараліся выконваць усе меры перасцярогі, не рызыкавалі без патрэбы, з нецярпеннем чакалі дэмабілізацыі. Як і ва ўсе салдацкія часы нашы воіны-афганцы старанна закрэслівалі ў каляндарыку дні, якія засталіся да канца службы. Дачакаўся гэтага шчаслівага дня і Франц са сваімі баявымі сябрамі.

— Мы, вядома ж, ведалі, калі прыбудзе замена, але не раслабляліся, заўсёды былі ў поўнай баявой гатоўнасці. Яшчэ два месяцы звыш тэрміну давялося праслужыць ў чаканні “дзембелю”. І нарэшце дачакаліся. На змену прывезлі падрыхтаваных гранатамётчыкаў, ураджэнцаў Мінскай вобласці. Усё ім перадалі, пажадалі шчаслівай службы і ў суправаджэнні бэтээраў адправіліся на машынах у Тэрмез. Гэта было 9 ліпеня 1981 года. За час службы ў Афганістане атрымалі па 175 рублёў, у Душанбэ накупілі падарункаў для матуль і раз’ехаліся па хатах...  Афганістан назаўсёды застанецца ў маёй памяці, бо і сёння баліць сэрца за загінуўшых. А ўсім вярнуўшымся з той вайны воінам-інтэрнацыяналістам жадаю моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, сямейнага дабрабыту. Хай нашым сынам ніколі не прыйдзецца прайсці той шлях, які выпаў на нашу долю!

Да пажаданняў Франца Іванавіча далучылася і яго жонка, Марыя Рамуальдаўна:

— Мой брат таксама прайшоў афганскае выпрабаванне на мужнасць. З вялікай павагай стаўлюся да воінаў-афганцаў, гэта людзі асобага складу. Таму доўга не раздумваючы і выйшла замуж за Франца, бо ніколькі не сумнявалася ў яго добрасумленнасці і шчырасці пачуццяў. Не памылілася. Жывем дружна, хай сабе і не багата, але грошай хапае. Вось і сын Дзмітрый у гэтым годзе заканчвае Жыровіцкі агратэхнічны каледж, рыхтуецца паступаць у БАТУ. Міру і спакою, павагі людской і жыццёвай моцы вам, дарагія ветэраны вайны ў Афганістане!

Вікенцій ЯКОВІЧ.

Фота з сямейнага архіва Франца Юрэка.



Падчас афганскай вайны (1979-1989гг.) СССР панёс страты ў 13 833 чалавечыя жыцці. У тых трагічных падзеях прымалі ўдзел больш за 32 тысячы ўраджэнцаў Беларусі, з іх загінуў 771 чалавек, 13 прапалі без вестак. За мужнасць пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу 2 275 савецкіх салдат узнагароджаны баявымі ордэнамі, 252 — двойчы. Афганскімі баявымі дарогамі прайшлі і 3 750 ваеннаслужачых з Гродзенскай вобласці, 71 воін не вярнуўся дадому, адзін прапаў без вестак. Воранаўшчына страціла двух сваіх сыноў.

Памятаем і смуткуем.
Добавление комментария
CAPTCHA
*