На польскай мове з мясцовым каларытам

В посёлке 26 июля 16 1393


Чарговы раз Воранаўшчына сустракае польскіх гасцей з інстытута музыкалогіі Варшаўскага ўніверсітэта і кафедры музыкалогіі ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані. Маладыя навукоўцы на чале з доктарам музыкалогіі Лукашам Смолюхам падчас музычна-этнаграфічнай экспедыцыі пабывалі практычна ў дваццаці населеных пунктах раёна.

— Мы вырашылі крочыць па шляху нашых прафесараў, якія дваццаць год назад прыязджалі сюды ў экспедыцыю. Сёлета пашанціла трапіць да людзей, у якіх пабывалі ў той час нашы калегі, — дзеліцца вынікамі этнаграфічнай практыкі Анастасія Някрасава, кардынатар праекта з Варшаўскага ўніверсітэта. — Скажу шчыра, падчас запісаў песень мы нібы апынуліся ў мінулым. Справа ў тым, што Беларусь захавала песенны матэрыял, які ўжо не існуе ў некаторых рэгіёнах Польшчы. Напрыклад, гэта датычыцца патрыятычнага і абрадавага рэпертуару. Цудоўна, што вашы Дамы культуры, напрыклад, такія як у Больцішках і Радуні, падтрымліваюць беларускую культуру, зберагаюць песенны скарб польскай меншасці, апякуючы прамых іх носьбітаў. Дзякуючы працы работнікаў культуры моладзь зможа далучыцца да фальклорнай спадчыны, якая, спадзяюся, будзе захавана для наступных пакаленняў.



На развітанне з удзельнікамі музычна-этнаграфічнай экспедыцыі была наладжана творчая вечарына “Рады мы сустрэчы з вамі”. Прайшла яна ў мінулую нядзелю на летняй эстрадзе гарадскога парку. Разам з гасцямі ад шчырага сэрца спявалі песні на беларускай і польскай мовах творчыя калектывы ўстаноў культуры Воранаўшчыны, удзельнікі раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”.

Тое, што прадстаўнікі Варшаўскага і Познаньскага ўніверсітэтаў вывучаюць фальклорнае багацце нашага краю — невыпадковасць, заўважыла, вітаючы прысутных, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ястрэмская. Культура нашага краю ўвабрала найлепшыя здабыткі яго жыхароў, якія, нягледзячы на шматнацыянальнасць, ужо многа год жывуць у міры і згодзе. Думку аб тым, што паміж народамі існуе прыязнь, прадоўжыла старшыня раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Ганна Русак. Яна зазначыла, што дзве культуры, беларускую і польскую, яднае гістарычнае мінулае, імёны славутых творцаў — Адама Міцкевіча і Элізы Ажэшкі. Пажадала польскім даследчыкам, каб тыя хвіліны, што яны правялі ў нас, пакінулі ў іх сэрцах глыбокі след і незабыўныя ўспаміны.



У сваю чаргу Лукаш Смолюх падзякаваў мясцовым уладам і воранаўцам за гасціннасць. Ён уручыў Алене Ястрэмскай самае каштоўнае ў іх справе — дыск з апрацаванымі мінулагоднімі запісамі народных песень. Выказаў надзею, што яны, трапіўшы на родную глебу, атрымаюць другое жыццё і будуць жыць у вяках.

Затым музычнае слова ўзялі Іосіф Кодзіс, даволі вядомыя землякам “Канвелішскія штукары”, Ганна і Яна Русак, Сафія Кічко, хор ветэранаў “Землякі”. Вельмі цёпла і шчыра гледачы сустракалі выступленне польскіх гасцей, а самымі гучнымі апладысментамі віталі песню ў іх выкананні — “Касіў Ясь канюшыну”. Завяршыла вечар беларуска-польскай культуры Таццяна Цевель. Мелодыя “Няхай імя тваё свяціцца, Беларусь” лілася над летняй эстрадай, пранікала ў сэрцы і сведчыла пра адкрытасць душы і гасціннасць нашых землякоў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*