Няўрымслівы абаронца Айчыны


Працягласць вуліцы І.Р. Еўдакімава ў Радуні — каля кіламетра. Гэта цяпер яна не вельмі прывабная, а вось позняй вясной і ўлетку на яе люба-дорага паглядзець — буйства красак прыроды не мае межаў! Вуліца хоць і не новая, але перспектыўная ў плане забудоўлі (пад індывідуальнае будаўніцтва адведзены зямельныя ўчасткі). Што тычыцца мясцовых жыхароў, то людзі тут жывуць спагадлівыя, душэўныя, шмат моладзі і дзятвы. Але, на жаль, мала хто з іх ведае пра Івана Раманавіча Еўдакімава, чыім імем названа вуліца.

А між тым найбольшую актыўнасць на тэрыторыі Воранаўшчыны ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны праяўляў партызанскі атрад імя Г.І. Катоўскага, якім камандаваў І.Р. Еўдакімаў.

Трэба сказаць, што шлях яго ў партызаны быў доўгім і складаным. Ураджэнец Іркуцкай вобласці, ён да вайны быў наборшчыкам у дывізіённай газеце 37-й стралковай дывізіі. Калі на досвітку 22 чэрвеня 1941 года эшалон дывізіі прыбыў на станцыю Ліды, горад гарэў ад бамбёжак. Эшалон рушыў далей, але ў раёне станцыі Бастуны яго разбамбілі. Тыя, хто застаўся жывы, рухаліся далей на аўтамашынах, затым занялі абарону недалёка ад Воранава. Да іх далучыліся адступаючыя часці, завязаўся бой. Еўдакімаў быў паранены ў спіну і нагу, атрымаў кантузію... Пасля апынуўся ў палоне і быў адпраўлены ў лідскую турму.

Першы раз збег з лагера на станцыі Ласосна (каля Гродна) у жніўні 1941 года. Ужо ў  верасні апынуўся на тэрыторыі Радунскага раёна. Хаваўся на хутары, але хутка быў арыштаваны фашысцкімі ўладамі і зноў апынуўся ў лідскай турме.

Пры перавозцы палонных па чыгунцы ў час прыпынку ўдалося пранесці ў вагон кавалак дроту, з дапамогай якога адчынілі дзверы, калі поезд рушыў далей. Еўдакімаў выскачыў на хаду з поезда, нават бачыў, як з апошняга вагона ў яго цэліўся нямецкі салдат. Але ўсё ж застаўся жывы. І зноў лёс прывёў яго на тэрыторыю Радуншчыны. Накіраваўся на знаёмы хутар, але там не застаўся — пайшоў у лес. Сустрэўся з такімі ж байцамі, як і сам, затым да іх далучыліся яшчэ 7 чалавек, якія збеглі з яўрэйскага гета ў Радуні. Выжыць у такіх цяжкіх умовах было няпроста. Дапамогу аказвалі мясцовыя актывісты Н.І. Будзько і І.І. Іоніс. У хуткім часе да групы Еўдакімава далучыліся Раманенка, Асіпенка, Падкалозін і інш. У маі 1942 года яна налічвала ўжо 19 чалавек, камандзірам быў абраны І.Р. Еўдакімаў.

Група праяўляла даволі значную актыўнасць. Накірункі дзейнасці былі розныя: ад дыверсій на чыгунцы да знішчэння фашысцкіх прыслужнікаў. Было разгромлена 7 гмін і некалькі маслазаводаў, знішчана 18 маёнткаў з хлебам, які прызначаўся для адпраўкі ў Германію, сарвана стварэнне атрадаў самааховы, якія немцы разлічвалі выкарыстоўваць для барацьбы з партызанамі, знішчаны стараста Парадунскай гміны, начальнік тайнай паліцыі Лідскай акругі, начальнік управы Кулеша, разбураны 2 масты на рэках Мыта і  Пеляса.

У сакавіку 1943г. група Еўдакімава ўвайшла ў партызанскі атрад імя Ленінскага камсамола, а сам ён быў прызначаны начальнікам разведкі атрада. Колькасць партызан хутка расла. Пасля стварэння ў верасні таго ж года брыгады імя Ленінскага камсамола І.Р. Еўдакімаў стаў камандзірам атрада імя Катоўскага.

Калі неба над галавой зноў стала мірным, Іван Раманавіч застаўся на радунскай зямлі. З 1961 года працаваў у саўгасах Слаўскага раёна Калінінградскай вобласці. Праз 20 гадоў Еўдакімаў усё ж вярнуўся ў Беларусь і жыў у Гродне. У 1983-м Івана Раманавіча не стала. Але памяць аб подзвігах няўрымслівага партызана жыве — яго імем названа вуліца мястэчка, якое ён абараняў.

ПадрыхтавалаСвятлана ВАДЭЙКА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*