Складальнiкi сямейнага летапiсу

Страницы истории 02 декабря 16 1826
dscn8397

Нашы мудрыя продкі лічылі, што род існуе да таго часу, пакуль яго прадаўжальнікі памятаюць свае карані. На жаль, повязь паміж пакаленнямі сціраецца за заслонай часу. Каб узмоцніць цікавасць вучняў да мінулага сваіх продкаў, сёлета Міністэрства адукацыі аб’явіла рэспубліканскі конкурс сямейных летапісаў “Мой радавод”. Гісторыі сваіх сем’яў годна прадставілі вучні восьмых класаў Бастунскага і Тракельскага навучальна-педагагічных комплексаў Сяргей Велігор і Ангеліна Вяршыла. Пераадолеўшы тры этапы конкурсу, яны сталі прызёрамі фінальнай часткі. Узнагародай стаў адпачынак у нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Кожны з юных даследчыкаў прайшоў складаны шлях пошуку звестак пра свой род, адшукаў шмат сямейных фотаздымкаў, з якіх усміхаюцца прабабулі і прадзядулі. Увесь час ім дапамагалі бацькі і сваякі, якія расказвалі цікавыя гісторыі, адкрывалі сямейныя сакрэты. Настаўнікі каардынавалі працу над даследчымі матэрыяламі.

Сяргей Велігор, напрыклад, свой поспех раздзяліў з настаўніцай матэматыкі, класным кіраўніком Ядвігай Уладзіславаўнай Стэцэвіч (здымак 1). Вывучэнне радавода захапіла юнака. Найбольшую колькасць звестак ён сабраў аб продках па мацярынскай лініі. Мама Сяргея Алена Мікалаеўна — сапраўдная захавальніца гісторыі свайго радаводу.

Салдацкай дарогай крочылі многія з продкаў Сяргея. Пра-прадзядуля Іван Нікіфаравіч Лісіцын (1891 года нараджэння) быў удзельнікам фінскай вайны. Лёс бежанкі быў наканаваны ў гады ваеннага ліхалецця прабабулі Ганне Іванаўне Цішчанцы (Лісіцынай). Яе тата Іван згарэў у танку, а мама Таццяна Рыгораўна (у дзявоцтве Матусевіч) памерла ад тыфу. Са Смаленшчыны Ганна змагла дабрацца да радні, якая жыла на Воранаўшчыне — на хутары Вайдагі. Вялікая Айчынная падарвала здароўе прадзядулі Рыгора Рыгоравіча Цішчанкі, які пайшоў змагацца з ворагам не маючы і 18 год. Ён дайшоў да Бер-ліна, атрымаў сур’ёзнае раненне. Сяргей ганарыцца сваім прадзядулем асабліва, таму што ён быў адукаваным чалавекам: у свой час скончыў Вышэйшую партыйную школу, на працягу двух год (1954-56) узначальваў раённы аддзел культуры.

Юнак плануе прадоўжыць вывучэнне летапісу сваёй сям’і. Засталіся яшчэ не раскрыты старонкі жыцця прадзядуляў і прабабуляў па лініі бацькі — Рамуальда Юзэфавіча Велігора.

Вяршылы, Дзегцярэвічы, Вільчэўскія, Валынцы... З гэтых прозвішчаў складаецца радавод Ангеліны Вяршылы. Вывучэнне сваіх каранёў дзяўчына пачала з бацькоўскіх прозвішчаў. Паводле крыніц, Вільчэўскія (прозвішча мамы ў дзявоцтве) — гэта дваранскі род, які паходзіць з паўднёва-заходняй часткі Літвы. Вяршыла — мае ўкраінскае паходжанне. Аднак, згодна з запісам пагаспадарчай кнігі Бастунскага сельскага Савета, Вяршылы па нацыянальнасці лічацца палякамі. Самая ранняя адзнака там датуецца 1888 годам, дзе прапрадзядуля Міхаіл Міхайлавіч Вяршыла значыцца як галава сям’і, паляк, няграматны. Там жа, у пагаспадарчай кнізе, занатавана, што на 1949 год сям’я мела 26 гектараў зямлі.

Не ўсе дакументы змагла сабраць Ангеліна. На жаль, страчаны тыя, што пацвярджаюць удзел прадзядуляў у Вялікай Айчыннай вайне. Ды сям’я захоўвае памяць аб гэтым і перадае ўспаміны маладзейшым членам сям’і аб удзеле ў штурме Берліна Іосіфа Казіміравіча Дзегцярэвіча, салдацкай долі ў Войску Польскім Стані-слава Станіслававіча Вільчэўскага.

dscn8405

У складанні радавода вучаніцы дапамагала гісторык, бібліятэкар, кіраўнік школьнага музея Тэрэса Іосіфаўна Піпір (здымак 2). Разглядаючы радаводнае дрэва ў выглядзе дуба, дзе імёны членаў сям’і запісаны на жалудах, цікаўлюся, чаму ў рабоце выкарыстана менавіта такое афармленне.

— Дуб — гэта ўвесь наш род, магутнае дрэва сям’і, якое не вырваць, не зламаць ліхалеццям, а жалудочкі — мае продкі, сям’я і нашчадкі. Адным словам, мы — Вяршылы, — патлумачыла дзяўчынка.

Тэрэса Іосіфаўна, якая падтрымлівае цікаўнасць дзяўчынкі да гісторыі, задаволена, што пасля поспеху Ангеліны многія вучні Тракельскай школы пачалі праяўляць інтарэс да радаводаў сваіх сем’яў. А значыць, іх род таксама не адыдзе ў нябыт.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*