Клiча поле спелым коласам

Актуально 20 июля 12 1428

Вось і падышоў час жніва. Ужо шуміць ад ветру спелае калоссе, а дбайныя рукі камбайнераў так і цягнуцца, каб “узяць” першы хлеб. На свяце зажынак у СВК “Больцішкі” ўрачыста правялі хлебаробаў у поле.

Працоўнае свята пачалося сімвалічна — сноп з новага ўраджаю малады камбайнер Дзмітрый Мецюн уручыў старшыні сельгаскааператыва Анджэю Феліксавічу Вількевічу (на здымку 2). Дарэчы, Дзмітрый працуе на жніве на гомельскім камбайне “КЗС-1218” трэці сезон. Планаў па намалоту зерня перад сабой не ставіць. На яго думку, добры вынік атрымае, калі прыкладзе максімум намаганняў у працы.

Галоўныя дзеючыя асобы збожжаўборачнай кампанii — механiзатары. Гэта іх рукамi i нястомнай працай будзе сабраны сёлетнi ўраджай. Да іх з цёплымi пажаданнямi звярнуўся Анджэй Вількевіч:

— Мы пачынаем вельмі важную дзяржаўную справу, вынік якой дасць адзнаку нашай працы за год. Ураджай нашай гаспадаркі радуе. Але гэтага мала. Патрэбна ў кароткі час і з самымі малымі стратамі сабраць яго з палёў. А для гэтага ў нас ёсць усё: і працавітыя людзі, і вытворчая тэхніка, і зернесушыльная гаспадарка. Застаецца спадзявацца, што надвор’е будзе нам спрыяць і мы добра спрацуем.


Анджэй Феліксавіч падзякаваў механізатарам, спецыялістам агранамічнай і інжынернай службаў за выкананую работу і выказаў спадзяванне, што людзі і тэхніка на ўборцы не падвядуць. Аб’ёмы ж у СВК “Больцішкі” немалыя —  на 1 670 га даспяваюць зерневыя культуры, на 230 га — азімы рапс, на 30 га — яравы. Больцішскія аграрыі да жніва падрыхтаваліся добра. Напагатове камбайнавы парк. З шасці зернеўборачных машын — адзін камбайн новы, два будуць працаваць толькі другі сезон. Падрыхтавана і сушыльная гаспадарка. У мінулы годзе адрамантавана сушылка “А-819”, у гэтым — амкадораўская, якая працуе на мясцовых відах паліва. Дзейнічае новая сушылка “КЗС-130” “Ліда-Арай” з прадукцыйнасцю 30 тон зерня ў гадзіну. Засталося толькі стопрацэнтна ўбраць ураджай.

Пры гэтым неабходна выконваць правілы тэхнікі бяспекі падчас уборачнай кампаніі. Аб чым і нагадаў Генадзь Іванавіч Юранец, старшыня прафсаюзнага камітэта працаўнікоў АПК. Ён павіншаваў мясцовых хлебаробаў з пачаткам зажынак, адзначыў: палеткі дагледжаныя, што сведчыць аб руплівасці аграрыяў СВК. Акрамя гэтага, давёў да ведама ўсіх удзельнікаў жніва ўмовы раённага спаборніцтва.

У той дзень малады механізатар Генрых Суркант атрымаў ключы ад новенькага камбайна “Палессе” (на здымку 1). Уручыў іх галоўны інжынер сельгаскааператыва Віктар Нядзелька з пажаданнем заняць на новым камбайне прызавое месца. Генрых быў вельмі задаволены, што менавіта яму даверылі гэты агрэгат:

— Буду старацца працаваць. Тэхніка дасталася мне добрая, сучасная. Гэта не першая мая жатва. У мінулым годзе наш экіпаж намалаціў 1 500 тон зерня. Тады я працаваў памочнікам, цяпер — старэйшым камбайнерам. У сёлетнім жніве паспрабую свае сілы ў раённым спаборніцтве.

Дарэчы, з шасці экіпажаў, якія будуць заняты на жніве, — тры маладыя, два з іх — сямейныя (бацька і сын Мецюн, браты Вількель).

Свята зажынак закончылася. Пачалiся працоўныя буднi — напружаныя, гарачыя і адказныя: вырашаецца лёс хлеба, бо, як вядома, ён усяму галава...

Наталля ФЁДАРАВА.

Фота Алега Бельскага.
Добавление комментария
CAPTCHA
*