З любовi да мацi сатканы вершы

Актуально 11 декабря 12 2627

Які пісьменнік не марыць узяць у рукі толькі што выдадзены зборнік уласных твораў, перагарнуць яго старонкі і ўдыхнуць пах свежай друкарскай фарбы?! Такую вялікую радасць двойчы адчуў наш зямляк з Начы Антон Янкоўскі: у 2010 годзе ўбачыла свет яго першая кніга “Анёл з васільковымі вачыма”, а ў бягучым годзе ён прэзентаваў “Белыя рамонкі”. Шчасце паэта, напэўна, не было б поўным без прапановы, якая паступіла падчас прэзентацыі другой кнігі ў Гродне, уступіць у грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. А пакуль Антон рыхтуецца да гэтай значнай у яго жыцці падзеі, гутару з ім пра натхненне, творчыя набыткі і планы на будучае…

— Жаданне выдаць кнігу ў мяне ўзнікла яшчэ падчас вучобы ў Мінскім універсітэце культуры і мастацтваў, — дзеліцца таленавіты малады чалавек. — Тры гады я выношваў гэтую ідэю, пакуль не звярнуўся ў Гродзенскае аддзяленне “Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Мяне падтрымалі і яго старшыня Людміла Кебіч, і пісьменніца Ала Нікіпорчык, якую лічу сваім духоўным настаўнікам. Сваё першае выданне прысвяціў бацькам, сябрам і знаёмым, якія паўплывалі на станаўленне мяне як паэта. Назва кнігі “Анёл з васільковымі вачыма” невыпадковая: анёл азначае чысціню, вочы — глыбіню душы, а васілёк — сімвал Беларусі.

З першага зборніка ў другі перайшла тэматыка. У “Белых рамонках” па-ранейшаму гучыць прызнанне ў любові Радзіме, апяваецца каханне, аднак на пярэдні план выходзіць вобраз матулі, якая памерла, але жыве і будзе жыць у сэрцы сына:

Ў вачах людзей была ты

добрым чалавекам,

У татавых вачах —

каханай жонкаю,

Ў вачах сыноў —

пяшчотнай і ласкавай маці,

А Бог забраў, бо у яго вачах

была Анёлам ты...

Як прызнаецца Антон Янкоўскі, гэтая кніга сама яго знайшла. Ідэяй для яе стварэння паслужылі рамонкі, расцвіўшыя на месцы апошняга прытулку матулі, якой і прысвяціў свой творчы парыў наш зямляк.

Зараз Антон збірае матэрыял на кнігу прозы. Некаторыя яго апавяданні ўжо ўбачылі свет у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Маладосць”. У творах у асноўным уздымаюцца тэмы кахання і пошуку сутнасці чалавека. Пісьменнік працягвае працаваць над  аповесцю, дзе зноў жа закранецца праблема духоўнага пошуку. З-пад яго пяра таксама выходзяць абразкі, замалёўкі і так званыя нататкі ў дарозе.

Як кажуць людзі, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Гэтыя словы ў поўнай меры можна аднесці і да Антона Янкоўскага. Малады чалавек з’яўляецца адным з аўтараў невялікай стужкі пра гісторыю роднай вёскі “Дыханне Начы”, знятай два гады назад. Разам з сябрамі ён адпраўляецца ў экспедыцыі, вывучае, збірае і адраджае абрады і святы. Менавіта ў традыцыях нашых продкаў, лічыць Антон, можна адшукаць сапраўдны духоўны пласт і перанесці яго ў сваю сям’ю. Захапіла Янкоўскага і ідэя стварэння беларускіх настольных гульняў. Разам з дызайнерам Анастасіяй Лукашковай ён распрацаваў гульню “Паўстанцы”, якая падобна да вядомай нам “Мафіі”. Дзве каманды — адны паўстанцы, а другія царскія войскі — змагаюцца за перамогу. Прэзентацыя гэтай распрацоўкі невыпадкова плануецца на канец студзеня наступнага года — у 2013г. будзе адзначацца 150-годдзе паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Гаворачы пра свой творчы шлях, Антон Янкоўскі дзякуе бацькам, якія нарадзілі яго на цудоўнай нацкай зямлі, сябрам і знаёмым, якіх сустрэў падчас вучобы ва ўніверсітэце і працы ў Гродзенскім каледжы мастацтваў, а таксама калегам-паэтам. На яго думку, менавіта іх падтрымка дапамагае яму духоўна развівацца, тварыць і рэалізоўваць новыя планы.

P.S. Бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Антона Янкоўскага можна будзе ў наступным нумары “ВГ” у “Літаратурнай старонцы”.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Антона Янкоўскага.
Комментарии
jan
гриша, таких людей как ты я называю плохими словами. Сам ничего не умеешь, так сиди и не вып....
гриша
А што за дрэва да якога так прыциснууся Вялики ПАЭТ МЕСНАГА РАЗЛИВУ И ДЗЕ ЯНО СТАИЦЬ  МОЖА ТАМ ТРЭБА ЗРАБИЦЬ МУЗЭУМ  УСЕАГУЛЬНАГА ПАКЛАНЕНЯ
Антон Янкоўскі
Вялікі дзякуй за прыемны артыкул. Каму цікава мае новыя вершы можна пачытаць на ЖЖ http://jankouski.livejournal.com/ Тут жа можна знайсці спасылкі, на ўсе вершы.
Добавление комментария
CAPTCHA
*