Мой дзядуля — кавалер. Ды яшчэ якi!

Знай наших! 27 июня 17 1890
1C9A0616

Сёння мы прапануем вашай увазе замалёўку Яны Куроўскай з аграгарадка Пагародна, якая заняла трэцяе месца на рэспубліканскім этапе творчага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі-2017” у намінацыі “Беларусь вачыма дзяцей”.

Мой дзядуля — былы трактарыст, а цяпер пенсіянер — Іван Іванавіч Куроўскі жыве на краі нашай вялікай вёскі Пагародна, таму нялёгка знайсці старую бацькоўскую хату Івана Іванавіча. А шукаюць майго дзядулю тыя, хто скуплівае  ўзнагароды: “Прадай, Іванавіч, свае жалязякі. Усё роўна ад іх табе ніякай карысці”. Дзядуля прызнаецца, што рука «часалася» ў адказ на просьбы  сучасных “бізнесменаў”.

Уся справа ў тым, што мой дзядуля Іван Іванавіч Куроўскі — сёння адзіны на Гродзеншчыне поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы. Вось за ордэнамі гэтымі і ходзяць да яго розныя “дзялкі”.

А біяграфія майго дзеда, трактарыста Куроўскага, простая. Нара-дзіўся ў 1941 годзе, вучыўся ў школе, прафтэхвучылішчы, служыў у арміі, 35 гадоў сумленна, шчыра ад-працаваў у саўгасе “Пагародна”. Людзі  таго пакалення не ведалі слова “халтура”, выхаваны на традыцыях продкаў, сваёй веры, якая ставіць уперадзе ўсяго працу. Так выхоўваліся многія пакаленні, так фарміраваўся народ нашага краю, і людзі Воранаўшчыны — беларусы, палякі, літоўцы — з гумарам і з гордасцю гавораць пра сябе, што яны такія ж, як усе, толькі “асаблівага гатунку”.

Дзядуля ўспамінае: “Не адзін я старанна працаваў на зямлі. За працоўныя заслугі быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга галоўны аграном нашай гаспадаркі Карл Францавіч Зыбельт. Ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнай Славы III ступені — галоўны аграном, цяпер пенсіянер, Генадзь Іванавіч Куроўскі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР стала кавалер ордэнаў Працоўнай Славы II і III ступеняў даярка Аліна Браніславаўна Шадзюль. Усяго 51 чалавек з працаўнікоў эксперыментальнай базы “Пагародна” ў тыя гады адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. А ўзначальваў вось такую нашу зорную працоўную каманду дырэктар гаспадаркі Герой Сацыялістычнай Працы Анатоль Георгіевіч Жураўлёў, у гонар якога названа цэнтральная вуліца нашага аграгарадка”.

Прашу ўспомніць дзядулю, як уручалі яму яго першую ўзнагароду.

— Свой ордэн Працоўнай Славы III ступені я атрымаў у 1974 годзе. Уручалі ў клубе на агульным сходзе. Саўгас тады “грымеў” у вобласці, быў першым у раёне: пагародненцы больш за ўсіх вырабілі мяса, малака, зерня, дабіліся самага высокага ура-джаю бульбы,— паведаміў дзед.

У 1979-м Іван Куроўскі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы II ступені, а ў 1984-м — I ступені.

— Летам гэта было, у самы разгар работ, — прадаўжае ўспаміны дзядуля. — Дырэктар сказаў: “Іванавіч, галіся, мыйся, заўтра паедзеш у Мінск ордэн атрымліваць”. Пасля ўзнагароджання падышоў да мяне першы сакратар Гродзенскага абкама партыі Л.Г. Кляцкоў, абняў, пацалаваў і сказаў: “Гэта, брат, не тое, што мне зорку: раз — і павесілі (Кляцкоў быў Героем Сацыялістычнай Працы). Ты пятнаццаць гадоў ішоў, каб атрымаць тры ордэны”.

На пытанне, за што ўсё ж адзначылі яго такімі высокімі ўзнагародамі, дзед паказвае свае вялікія, так і не адмытыя начыста рукі і ўскрыквае: “За працу, за працу!”

Я думаю, што гэтыя словы трэба зоркамі запаліць у нашым небе, бо мы, маладое пакаленне, забываем, што толькі праца — галоўнае ў нашым жыцці пасля здароўя родных і блізкіх. Што толькі праца — крыніца багацця і магутнасці дзяржавы.

На жаль, сёння ў нашым жыцці каштоўнасці мяняюцца. З’явіўся культ грошай, апраўдваецца імкненне да ўзбагачэння любым шляхам. Гэта нядрэнна, людзі хочуць быць багацейшымі, добра жыць, але аўтарытэт чалавека працы сёння прыніжаны. Прафесіі трактарыста, даяркі, рабочага, прыбіральшчыцы не ў пашане. Аднак гэта іх рукамі ствараецца ўсё, чым мы карыстаемся. Аб гэтым неабходна памятаць. Сярод нас яшчэ жывуць героі тых дзён, таварышы нашых бацькоў і дзядоў, якія проста працавалі, проста весяліліся, проста любілі. Проста жылі і не задумваліся над тым, што яны кавалеры працы, героі працы. З гэтага складалася іх жыццё.

І мой дзядуля таксама кавалер, ды яшчэ які, таму што з годнасцю нясе гэта званне і сапраўды дастойны яго.

Яна Куроўская,

вучаніца Пагародзенскай сярэдняй школы.
Добавление комментария
CAPTCHA
*