Свята паэзіі

Наши конкурсы 02 ноября 10 2087
Жывем мы ў прыгожым куточку нашай зямлі — Беларусі, у краіне, дзе мірна суіснуюць розныя народнасці: рускія, казахі, татары, літоўцы, палякі...  Дзяржаўнай уладай робіцца ўсё магчымае, каб усім тут жылося добра і спакойна. Турбуюцца кіраўнікі краіны і пра захаванне традыцый, як моўных, так і культурных, нацыянальных меншасцяў, якія жывуць на беларускай зямлі. Так гістарычна склалася, што на нашай Воранаўшчыне большую частку жыхароў складаюць тыя, хто лічыць сябе палякамі. Для гэтай нацыянальнасці створаны добрыя ўмовы існавання: ёсць у школах раёна класы, у якіх вывучаецца польская мова, праводзяцца факультатыўныя заняткі,  дзейнічаюць гурты мастацкай самадзейнасці, у асноўным усю гэтую працу каардыніруе Воранаўскі раённы аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, які ўзначальвае Г.Ф. Русак.
Ужо традыцыйнымі сталі конкурсы польскай паэзіі сярод вучняў школ раёна, на якіх юныя дэкламатары спаборнічаюць у веданні польскай паэзіі, правільнасці вымаўлення, інтэрпрэтацыі вершаў, артыстызме... Не стаў выключэннем і гэты год — на мінулым тыдні адбыўся конкурс, удзел у якім прымалі больш за 20 юных аматараў польскай паэзіі. Як на сапраўдным спаборніцтве, тут, вядома, было і журы, у склад якога ўвайшлі В. Запаснік — галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Воранаўскага райвыканкама, І. Зубель — метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама, В. Яваровіч — метадыст пазашкольнай працы Воранаўскага ЦПР і Л. Цыронак — ганаровы член раённага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”. Можна толькі ўявіць сабе, якая цяжкая праца чакала гэтых жанчын, бо ацэньваць лепшых з лепшых вельмі складана!
Удзельнікі былі падзелены на тры ўзроставыя групы: першая — дзеці ад 6 да 12 гадоў, другая — ад 12 да 15 гадоў і трэцяя — моладзь ад 15 і вышэй. Было прыемна, што самай вялікай па колькасці ўдзельнікаў была малодшая група — гэта сведчыць аб тым, што дэкламатараў польскай паэзіі з цягам часу становіцца ўсё больш і больш. Хацелася б адзначыць даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяцей да конкурса — відаць, настаўнікі, якія ёю займаліся, прыклалі вялікія намаганні, таму і атрымалі добрыя вынікі ў выглядзе па-майстэрску прачытаных вучнямі твораў. На мой погляд, усе дэкламатары вартыя самых высокіх адзнак, але конкурс ёсць конкурс, таму былі названы самыя лепшыя. Дыпломы II і III ступеняў у сваіх узроставых групах атрымалі Эдзіта Акштулевіч (Канвелішкі), Мілана Дудко (Нача), Дзіяна Шымялевіч (Доцішкі), Агата Валюкевіч (Воранава), Вераніка Мяжэвіч (Доцішкі), Івона Федаровіч (Беняконі) і Караліна Івуць (Воранава). А вось пераможцамі конкурса польскай паэзіі 2010 года сталі: у малодшай узроставай групе — Ангяліна Івуць (Воранава), у другой — Анжаліка Дудко (Нача) і ў трэцяй, самай старэйшай групе, перамогу атрымала Кацярына Наркун (Забалаць). Менавіта гэтыя дзяўчынкі прадставяць Воранаўшчыну на абласным конкурсе польскай паэзіі, які неўзабаве пройдзе ў нашым абласным цэнтры. Пажадаем юным дэкламатарам поспехаў!
Асалоду ад польскіх вершаў атрымлівала Наталля ПЕЦІНА.
На здымку: пераможцы конкурса А. Івуць,
К. Наркун і А. Дудко.
Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*