Калi хочаш адпачыць душой — прыязджай у Начу

Актуально 22 марта 13 2502

Людзі гавораць пра традыцыі, не задумваючыся, што яны азначаюць і чаму існуюць. Нам здаецца, што традыцыі існуюць самі па сабе. А калі паразважаць, то сучаснае грамадства цяжка ўявіць без іх. І менавіта яны ёсць найважнейшы сродак захавання і жыццяздольнасці культуры. Грамадства з неразвітымі традыцыямі можа наогул рассыпацца і знікнуць… Па тым, як адносяцца людзі да захавання звычаяў, мяркуюць аб іх узроўні культуры.


Традыцыя ёсць вынік калектыўнай дзейнасці людзей: плён агульнай творчасці і супольных уяўленняў. Гэта асаблівая з’ява, якая існуе толькі ў жывым грамадстве, у яго сацыяльна-культурным асяроддзі. Таму так патрэбна ведаць, дзе і як распазнаць гэтыя жывыя традыцыі, як захаваць іх для нашчадкаў. Аб гэтым і многім другім даведаліся падчас семінара кіраўнікі фальклорных і фальклорна-абрадавых калектываў Воранаўшчыны. Месцам яго правядзення быў абраны Нацкі сельскі цэнтр нацыянальных культур. Менавіта тут, дзякуючы намаганням мастацкага кіраўніка Д.З. Крэнь, вядзецца мэтанакіраваная праца па захаванні духоўнай спадчыны роднага краю, па перадачы традыцый ад жывых яе носьбітаў нашчадкам. А яшчэ спецыялістамі аддзела культуры райвыканкама распрацаваны Нацкі турыстычны маршрут пад назвай “Зямля, што нас узгадавала”. Таму ў семінары аб’ядналіся дзве мэты: прадэманстраваць маршрут і паказаць на практыцы існаванне жывой традыцыі ў сацыяльна-культурным асяроддзі.


На нацкай зямлі сустракаў гасцей з хлебам-соллю і песнямі мясцовы вакальны калектыў “Пралеска”. Метадыст РМЦ НТ па гісторыка-культурнай спадчыне В.Р. Камінская прапанавала праехацца па турыстычным маршруце. Першым прыпынкам было наведванне касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі. Пасля невялікага экскурсу ўдзельнікаў семінара правялі ў святыню пераапранутыя ў Анёла і Дзеву Марыю дзяўчынкі. Веліч  касцёла, яго ўбранства і аповяд пра гісторыю пакінулі самыя яркія ўражанні. Імёны славутых землякоў Т. Нарбута і В. Шукевіча ведаюць амаль усе, а вось пабываць на месцы, дзе яны знайшлі вечны спачын, давялося нямногім. Распрацаваны турыстычны маршрут дае гэтую магчымасць. Падчас наведвання магілы Нарбута і радавой пахавальнай капліцы Шукевічаў пачулі невялікі аповяд аб жыцці і дзейнасці гэтых гістарычных асоб ад мясцовага краязнаўцы і паэта Ул.В. Руля. Пабывалі ўдзельнікі семінара і ў гістарычна-краязнаўчым музеі імя Т. Нарбута Нацкай школы. Дзяўчынкі-экскурсаводы так захапляльна і з добрым веданнем матэрыялу правялі экскурсію, што перад вачыма паўставалі гістарычныя падзеі і постаці.


Не менш цікавае чакала і наперадзе. Наведалі мясцовую бібліятэку, дзе працуе самаадданы чалавек — Л.Я. Бярцэвіч. Пасля накіраваліся ў сельскі цэнтр нацыянальных культур, дзе непасрэдна перайшлі да тэмы семінара. Змястоўным было выступленне Д.З. Крэнь. Яна расказала аб рабоце, якая вядзецца па захаванні традыцый, аб духоўным выхаванні моладзі. Яе словы падтрымалі і запрошаныя на мерапрыемства старэйшыя знаўцы нацкага фальклора, жывыя носьбіты традыцый Т.С. Харковіч, М.І. Габіс, М.А. Мілінкевіч і В.В. Міклюкевіч.


Аповяд пра тое, што хаваў у сабе бабулін куфар, пра вышыўкі абрусоў ды ручнікоў, абрадавыя песні ў іх выкананні кранулі прысутных. А самабытны нацкі мужычок з кошыкамі А.А. Мікелевіч не толькі расказаў, у які кошык трэба збіраць грыбы, а ў які ягады, класці яйкі ці вэнджаны кумпячок, але і з чаго і як іх рабілі нашы дзядулі. Парадаваў сваім выступленнем фальклорна-абрадавы калектыў “Спадчына” (мастацкі кіраўнік Д.З. Крэнь), прадэманстраваўшы абрад “Дажынкі”. Уразіла і выстава народных майстроў з вёскі Нача. Таму, калі падводзілі вынікі мерапрыемства, гучалі толькі словы падзякі і за арганізацыю, і за тую працу, якую праводзіць мясцовы цэнтр нацыянальных культур. Прысутныя на свяце госці: В.Ф. Шлавенец — метадыст абласнога МЦНТ па этнаграфіі і фальклоры, С.В. Дубок — начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, П.В. Тарчынскі — першы сакратар ГА “БРСМ” і іншыя — сказалі, што падчас мерапрыемства яны адпачылі душой і зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі.

Разам з імі была Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*