З людзьмi працаваць — аб людзях дбаць

Актуально 19 декабря 17 1378
IMG_9239

Чвэрць веку Гелена Мінгілевіч клапоціцца аб здароўі землякоў.


У мясцовыя органы самакіравання звычайна вылучаюць людзей аўтарытэтных, адказных, адукаваных ды проста нераўнадушных і спагадлівых. На тэрыторыі Гіркаўскага сельсавета дэпутацкі корпус складаецца з 11 чалавек. Гэта прадстаўнікі розных прафесій — настаўнікі, медыкі, працаўнікі сельскай гаспадаркі. У загадчыцы мясцовага ФАПа Гелены Мінгілевіч 25-гадовы медыцынскі стаж і 4-гадовы — дэпутацкі. У 27-м скліканні яна была абрана ўпершыню, ад Салтанішскай выбарчай акругі.

Так ужо павялося ў вёсках, што фельчары і ўрачы карыстаюцца заслужанай павагай. Таму і не дзіўна, што ў каманду народных абраннікаў Гіркаўшчыны была прапанавана кандыдатура Гелены Марыянаўны. Каго ж падтрымаць вяскоўцам, як ні сваю “дакторку”? Гіркаўскі ФАП абслугоўвае больш васьмі соцень чалавек — гэта 12 населеных пунктаў. На яго тэрыторыі — 116 адзінока пражываючых і 27 адзінокіх вяскоўцаў, 125 дзяцей, 35 інвалідаў, 9 землякоў падбіраюцца да стагадовага ўзросту. Клопатаў у фельчара штодзень хапае, і патрабаванняў стала больш да абследавання насельніцтва, своечасовага выяўлення захворванняў, правядзення прышчэпак, наведвання праблемных сем’яў. Да абеду яна вядзе прыём на ФАПе, у другой палове працуе на ўчастку. Так атрымоўваецца, што прафесійныя і грамадскія абавязкі дэпутат Гелена Марыянаўна выдатна сумяшчае на сваёй пасадзе. Як кажуць, штодзённа праводзіць “выязныя прыёмы” ў вясковых хатах. Падчас іх цікавіцца не толькі станам здароўя, але бытавымі пытаннямі землякоў. Пажылыя людзі ёй давяраюць, дый жанчына стараецца дапамагчы дзе словам, дзе справай. Растлумачыць, падкажа, патэлефануе ў пэўную службу. Вядома ж, дах ці плот яна не адрамантуе, і асартымент аўталаўкі не папоўніць, але аб людскіх турботах абавязкова паведаміць старшыні сельсавета С.М. Мушынскай, якая знойдзе спосаб вырашыць пытанне — звяжацца са сваякамі, дапаможа з транспартам, звернецца ў вышэйшыя інстанцыі, якія адказваюць за пэўныя пытанні жыццезабеспячэння. Найчасцей жа людзям патрэбны проста парада і чалавечая ўвага. Тады і спрэчныя пытанні з суседзямі лягчэй вырашаюцца, і нават самаадчуванне паляпшаецца. 

IMG_9283

У сям’і пенсіянераў Стэцкіх фельчар — заўсёды жаданы госць.


Пасада сельскага медыка абавязвае Гелену Марыянаўну клапаціцца аб здароўі жыхароў, быць гатовай у любы час прыняць выклік і аказаць медыцынскую дапамогу хвораму. І абавязкі дэпутата, мяркуе жанчына, у многім падобныя. Не абысціся без умення пачуць чалавека, імкнення дапамагчы яму ў любы час. Няхай сабе і па дробных пытаннях.

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*