Астравок адкрыццяў


Мая маленькая радзіма… Самыя цёплыя і добрыя ўспа-міны — аб дзяцінстве. Наша вёска Паляцкішкі невялікая, знаходзіцца на ўскраіне Воранаўскага раёна, на самай граніцы з Літвой. Менавіта тут прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады. І толькі зараз, працуючы настаўніцай у сваёй роднай школе, я зацікавілася гісторыяй нашай мясцовасці. Проста, па волі лёсу, я ўзначаліла школьны музейны пакой. Гэта вельмі захапляльная і адказная праца.

Наш музейны пакой — астравок актыўнасці. Вучні, якія разам са мной займаюцца музейнай справай, цікаўныя, дапытлівыя, творчыя. Яны кожны дзень прыхозяць з нейкай новай інфармацыяй ці экспанатам. Асноўнымі накірункамі працы ў нашым музейным пакоі з’яўяюцца навукова-даследчая і пошукавая дзейнасць. Мы лічым сваім абавязкам вывучаць тую спадчыну, што “засталася нам ад прадзедаў спакон вякоў”.

Згодна звестак з кнігі “Памяць. Воранаўскі раён”, вёска Паляцкішкі існуе з першай паловы XIX стагоддзя. А мы з вучнямі знайшлі гістарычныя дакументы, якія сведчаць, што вёска была заснавана значна раней Марцінам Палецкісам, прадстаўніком шляхецкага саслоўя, трымальнікам першай шкляной мануфактуры ў Вільні. Марцін Палецкіс жыў у Вільні, зрабіў нядрэнную кар’еру, быў трымальнікам Эйшышак. Яму належалі чатыры маёнткі ў нашых мясцінах, адзін з іх — маёнтак Мацкішкі. Аб гэтым сведчаць запісы ў “Метрыцы ВКЛ  1523-1560 гг”. Цікавымі былі дакументы, якія сведчаць аб тым, што наша мясцовасць вядзе сваю гісторыю з XVII стагоддзя. Нам удалося знайсці іх у Літоўскай Нацыянальнай біліятэцы імя М.Мажвідаса, а таксама ў калекцыі Пергаментаў ВКЛ. Канечне, дапамог у гэтым інтэрнэт. Знойдзеныя дакументы датуюцца 1618, 1646, 1678 гадамі. У іх вядзецца гаворка пра касцёл у маёнтку Мацкішкі, якім валодаў Марцін Палецкіс. Таксама пра гэты касцёл гаворыцца ў кнізе Ю.Лукашэвіча “Гісторыя косцёлув вызнаня Хэльвецкего на Літве” (касцёл існаваў да XVIII стагоддзя).

Былы маёнтак Мацкішкі знаходзіцца ў 800 м ад нашай вёскі, там і зараз жывуць людзі, а таксама захавалася ліпавая алея. Нас зацікавіў узрост ліп, вучні знайші формулу, па якой можна вылічыць узрост дрэва. Нашы вылічэнні паказалі, што алея была высаджана прыкладна ў 30-я гады XVII стагодзя. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што наша мясцовасць мае больш раннюю гісторыю, чым XIX стагоддзе. Дарэчы, ліпавая алея ахоўваецца Літоўскай дзяржавай.


А як цікава было знайсці карты нашай мясцовасці 1893, 1936 гадоў. Дзякуючы ім,  мы даведаліся, дзе і якія фальваркі і маёнткі існавалі.

Вынікам нашай пошукавай і даследчай дзейнасці сталі работы, падрыхтаваныя да навукова-практычнай канферэнцыі. У 2011-2012 навучальным годзе наша праца “Гісторыя старых сядзіб і адміністрацыйных пабудоў у вёсцы Паляцкішкі” на раённай канферэнцыі заняла другое месца ў секцыі краязнаўства, была прадстаўлена на абласной канферэнцыі “Хрустальная Альфа”. У гэтым навучальным годзе мы прадставілі на суд журы работу “Гісторыя Мацкішак” і занялі першае месца.


Расказваць пра музейныя экспанаты, даследчую і пошукавую дзейнасць можна бясконца. Але толькі ў музеі можна здзейсніць дзівоснае падарожжа ў часе, адчуць атмасферу і настрой мінулых эпох.  Як кажуць, лепш адзін раз убачыць… Запрашаем усіх у музейны пакой “Спадчына” Паляцкішскай сярэдняй школы.

Валянціна ЛАДЫШ,

кіраўнік музейнага пакоя Паляцкішскай СШ.

Фота з архіва Паляцкішскай СШ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*