“Саракі”. Упершыню на Воранаўшчыне на мінулым тыдні пад такой назвай прайшло фальклорна-экалагічнае свята-конкурс

Наши конкурсы 17 марта 18 2295
1C9A3850

Спачатку шаснаццаць выхаванцаў школ і цэнтраў прадставілі свае творчыя работы з прыродных матэрыялаў у Радунскім раённым цэнтры турызму, краязнаўства і экалогіі. На некаторы час ён пераўтварыўся ў надзейны прытулак для розных птушак: буслоў, арлоў, соў, курыц, журавоў... Выкананыя з кары дрэў, шышак, лаўровых лістоў, траў, пялёсткаў руж, саломы і іншага, яны здзіўлялі гледачоў: колькі ж таленту і фантазіі ў нашых дзяцей! Найбольш удалымі аказаліся тварэнні Галіны Іваноўскай з Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Караліны Насовіч з Пяляскай школы, Ангеліны Вількель і Валерыі Дудзевіч з Больцішскай, Анастасіі Бальцэвіч з Клайшанскай. Вельмі даспадобы журы прыйшоўся магутны арол Арцёма Шыліня з Радунскага цэнтра. Хлопчык прызнаны пераможцам у намінацыі “Птушкі — нашы сябры”.

1C9A3480

Сапраўднае свята птушак наладзілі ў Воранаўскай школе. Творчыя дзіцячыя калектывы з Паляцкішскай, Радунскай, Воранаўскай і Беняконскай школ, Канвелішскага і Забалацкага навучальна-педагагічных комплексаў здзівілі артыстызмам, музычнасцю, знаходлівасцю. Да таго ж паказалі глыбокія веды пра птушынае царства. Канкурсанты не абмежаваліся знаёмымі ўсім варонай, кнігаўкай, жаваранкам. Воранаўская каманда прадставіла рэдкі экзэмпляр, занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі, — турухтана. Цікава было паслухаць пра звычкі ўсіх птушак. Па праўдзе кажучы, прысутным удалося пачарпнуць новыя веды. Акрамя таго, са сцэны гучалі добрыя, шчырыя вершы, песні, дзівосныя легенды пра галоўных герояў свята. Да месца былі і “птушыныя” танцы. Смакавала гледачам печыва, старанна выпечанае юнымі гаспадынькамі.

1C9A3483

На погляд журы, найлепш расказаць пра свайго пярнатага сябра змагла каманда “Кнігаўка” з Паляцкішскай школы. Яна і святкавала перамогу ў намінацыі “Добры дзень, птушка!”

 Хутка, 24 сакавіка, у Гродне на абласным этапе конкурсу “Саракі” будзе прадстаўлена работа Арцёма Шыліня і выступіць паляцкішскі дзіцячы калектыў.

У тэму


Свята “Саракі” прыпадае на 22 сакавіка — дзень вясенняга раўнадзенства. Яго назва звязана з днём памяці сарака севасційскіх мучанікаў, што адзначаецца праваслаўнай царквою. Згодна са славянскімі вераваннямі, менавіта тады з цёплых краін прылятаюць сорак птушачак, а першая з іх — жаваранак. На Саракі пяклі “жаваранкаў” з мукі, у большасці выпадкаў з распарцёртымі крыламі, нібы ў палёце, і з чубкамі, а таксама птушак у гняздзе.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

1C9A3489 1C9A3817 1C9A3824 1C9A3833 1C9A3837 1C9A3845 1C9A3846 1C9A3853 1C9A3855 1C9A3859 1C9A3865 1C9A3872 1C9A3876 1C9A3879 1C9A3881
Добавление комментария
CAPTCHA
*