Пагародзенскія пачастункі ўсім па густу

Знай наших! 23 августа 13 1592

Славяцца жыхары Воранаўшчыны сваёй гасціннасцю і шчодрасцю. Умеюць яны і госця прывітаць, і смачна пачаставаць. Што яскрава і прадэманстравалі супрацоўнікі Пагародзенскага сельскага цэнтра дасуга і народнай творчасці 16 жніўня ў Лідзе на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”.

Нашы землякі шчодра прэзентавалі на выстаўцы “Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны” свае смачныя вырабы. Пад вясёлую музыку запрашалі яны на свой “падворак”, дзе шырока былі прадстаўлены марынады, “гасцінцы” зямлі-маці і, канешне ж, розная смаката. Ды так прыгожа было ўсё пададзена, што проста хацелася паспрабаваць кожную страву. Па густу як журы, так і гасцям фестывалю прыйшліся вантрабянка, казіны сыр, паляндвіца, каўбасы пальцам пханыя, дранікі, халаднік, рулька, запечаная ў печы... У імгненне вока знікла з талеркі адна са страў, што дайшла да нас з далёкіх часоў — “Курнік”. Да слова будзе сказаць, не кожная гаспадыня ведае, што гэта за ежа і як яе прыгатаваць. І канешне, які пачастунак без медавухі і квасу?!. Журы высока ацаніла гасціннасць, гаспадарлівасць і ўменне прыгатаваць традыцыйныя беларускія стравы работнікаў Пагародзенскага СЦДіНТ і ўручыла ім Дыплом І ступені і кнігу “Помнікі мастацкай культуры Беларусі”.

Не паспелі пагародзенцы пабываць на адным фестывалі, як іх ужо заклікаў 17-18 жніўня этнафэст “Вандроўка ў этнаказку” ў Гудзевічы (Мастоўскі раён). Мастацкі кіраўнік Цэнтра Святлана Салмановіч на дзіцячай пляцоўцы забаўляла дзяцей. Яе праграма “З бабулінага куфэрка” прыйшлася даспадобы маленькім удзельнікам фестывалю. Цудоўна выступіў і пагародзенскі калектыў “Крынічка”. Поруч з ім ад душы радаваў гледачоў калектыў Доцішскага сельскага Дома культуры “Вянок”. Пад апладысменты адпачываючых абодва фальклорныя калектывы былі адзначаны Дыпломамі за ўдзел у этнафэсце.

Што ні кажы, а ўмеюць нашы людзі і працаваць, і адпачываць, і іншых прывячаць ды пацяшаць.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: пагародзенскія гаспадыні.

Фота з архіва Воранаўскага РМЦНТ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*