Зберагаюць нашчадкам друкаванае слова


Захавальнікамі літаратурнага слова, скарбніцамі ведаў з’яўляюцца бібліятэкі. Рады яны падзяліцца з аматарамі кніг сваімі здабыткамі, іх дзверы заўсёды адчынены для чытачоў любога ўзросту. На Воранаўшчыне працуе 20 бібліятэк, з іх — адна раённая дзіцячая, адна гарадская пасялковая, адна цэнтральная раённая, сямнаццаць сельскіх.

Нядаўна ў Забалаці, Бастунах і Паляцкішках з’явіліся ўстановы новага тыпу. Сельскія бібліятэкі аб’ядналіся са школьнымі і сталі інтэгрыраванымі. У кожнай — камп’ютар, выхад у інтэрнэт, жыхары сельскай мясцовасці пры жаданні могуць карыстацца электронным каталогам цэнтральнай раённай бібліятэкі. Багаты і кніжны фонд: на 1 верасня налічваў 370 331 экзэмпляр — толькі за восем месяцаў бягучага года атрымана 9 300 экзэмпляраў. Супрацоўнікі ўстаноў робяць усё магчымае, каб спяшаліся сюды і дарослыя, і дзеці, каб бібліятэка стала месцам як здабыцця ведаў, так і культурным асяродкам. Так, Місявіцкая сельская бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальных культур” і атрымала ўзнагароду. Шмат чаго зроблена ў гэтым накірунку і бібліятэкарам Наталіяй Віктараўнай Камінскай (на здымку) з Пераганцаў.

Пятнаццаць год жанчына сустракае ў сваёй скарбніцы ведаў аматараў чытання, якім (а іх у яе 400!) можа прапанаваць літаратуру на любы густ. Фонд бібліятэкі складае 13 000 экзэмпляраў. Праўда, у асноўным карыстаецца попытам так званая “лёгкая літаратура”. Але ёсць і аматары класікі. З перыёдыкі на першым месцы рускі часопіс “Даша” і наш “Вокруг света”. Маюць поспех у дзяцей “Стрекоза”, “Каламбур”, “Один дома”. Звяртаюцца і да інтэрнэта, калі ўзнікае неабходнасць знайсці патрэбную для рэфератаў літаратуру. Тады Наталія Камінская не проста сама адшуквае для наведвальнікаў інфармацыю, а вучыць карыстацца электронным каталогам розных бібліятэк. Лічыць, што ў будучым гэта абавязкова спатрэбіцца выпускнікам школы.

Па прызнанні Наталіі Віктараўны, праца вельмі падабаецца і таму, што тут можна рэалізаваць сябе творча. І ўкараняе бібліятэкар новыя формы работы з чытачамі. Сустракаюцца з ёй дзеці і дарослыя на розных мерапрыемствах: літаратурных вечарах, імпрэзах, гістарычных альманахах. Асабліва даспадобы самым юным чытачам навінкі: бібліятэчныя “лужкі”, чытанне ў пясочніцы. Згадзіцеся, пабываць на свежым паветры ды яшчэ і пачытаць любімую кнігу — на карысць дзецям. “На ўра” прайшоў і арганізаваны Наталіяй Віктараўнай флэшмоб. Дапамаглі ёй у гэтым актывісты-наведвальнікі бібліятэкі з ліку настаўнікаў і вучняў. У школе падчас перапынку дзеці выйшлі ў калідор, каб... чытаць услых. З задавальненнем наведваюць дзеці тэатральны гурток, выступаюць на розных мерапрыемствах са спектаклямі. А самых маленькіх чытачоў чакае спецыяльна адведзены для іх куточак, дзе, акрамя дзіцячых кніг, шмат цацак, якія разам з казкамі ці апавяданнямі можна ўзяць на пэўны час дадому. Не пакідае па-за ўвагаю бібліятэкар Камінская і дарослых. Для іх дзейнічае клуб сямейнага чытання “Гармонія”. Сем сем’яў прыходзяць сюды адпачыць і падзяліцца сваімі традыцыямі.

Нясе кніжнае слова бібліятэкар і жыхарам навакольных вёсак, куды дабіраецца на сваім транспартным сродку. І стараецца, каб кожны чытач быў задаволены і атрымаў асалоду ад кнігі.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*