Са сваiмi турботамi — да старшынi райсавета

Актуально 26 ноября 13 1553
20 лістапада прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Больцішскім сельвыканкаме правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў С.У. Конан.
Жыхара хутара Больцішкі Генрыха Юльянавіча Бальцэвіча і яго жонку турбавала пытанне пад’язной дарогі да іх хаты, па якой напрасткі да аграградка ўсяго 2 кіламетры. Але вось незадача, гэтая дарога праходзіць па тэрыторыі комплекса “Повалака”, дзе нядаўна зрабілі сіласныя ямы і паставілі слупы. У летнюю пару па ёй можна прайсці і праехаць, а калі пачынаецца восеньскае дажджлівае надвор’е — уся яна пераўтвараецца ў вялікае балота. Вось што на гэты конт патлумачыла старшыня Больцішскага сельвыканкама М.С. Скорб:

— На самой справе гэта зусім не дарога, а пракладзеная шмат гадоў назад сцежка. Па ёй сапраўды быстрэй дабрацца да Больцішак, а працаўнікі СВК яе выкарыстоўваюць як гаспадарчы праезд. Спадароў Бальцэвічаў папярэджвалі, што гэта тэрыторыя комплекса і па ёй у хуткім часе наогул будзе забаронена праязджаць. А да хутара ёсць сапраўдная дарога, яна, канешне, даўжэй на некалькі кіламетраў, але па ёй можна без праблем праехаць і хуткай дапамозе, і выратаўнікам, і родзічам.

Тое самае пацвердзіў і старшыня мясцовага сельгаскааператыву А.Ф. Вількевіч.

Хвалявала пытанне дарог і жыхароў хутара Вільбікі. Але яны адразу атрымалі грунтоўны адказ ад старшыні СВК. Па дамоўленасці з дырэктарам ДРБУ А.Л. Куліком, будзе вы-дзелены экскаватар, а сельгаскааператыў дасць трубы і патрэбную тэхніку, каб прывесці дарогу ў належны стан. С.У. Конан ўзяў на кантроль выкананне гэтай дамоўленнасці.

Нетыповым быў зварот жыхаркі вёскі Повалака спадарыні З.Б. Страчынскай. Справа ў тым, што жанчына і яе сястра ніяк не могуць падзяліць хату ў вёсцы Падзітва са сваёй братавай. Па рашэнні суда ім выдзелілі ў гэтым доме вялікі пакой і калідор, а братавай, якая 30 год жыла ў гэтай хаце, была адведзена кухня і камора. Сёстры не жывуць у гэтым доме (у іх ёсць свая маёмасць) і таму зачынілі  свой пакой і калідор на замкі. І жонка брата зараз не можа папасць у камору, бо праход да яе ляжыць праз калідор. А дазвол праходзіць па ім ёй даюць, толькі за грошы і прычым немалыя — 200 000 рублёў у месяц. Таму і папрасіла жанчына дазволу зрабіць з вуліцы яшчэ адзін уваход, на што даў сваю згоду і архітэктар. З.Б. Страчынская не згадзілася з рашэннем і вырашыла шукаць праўду ў старшыні райсавета.


Разабраўшыся ў сітуацыі, азнаёміўшыся з дакументамі, С.У. Конан прапанаваў некалькі варыянтаў мірнага вырашэння спрэчнага пытання, зыходзячы з пункту гледжання закона. Але палюбоўна спрэчку паміж двума жанчынамі не змаглі вырашыць ні змястоўныя ўгаворы М.С. Скорб, ні дыпламатычныя намаганні С.У. Конана, ні грунтоўныя заўвагі прысутнага на прыёме архітэктара А.А. Мызенкова. Таму было вырашана дзверы выразаць ў прысутнасці мясцовага ўчастковага інспектара, бо ў адрас сваячкі выказваліся нават пагрозы.

Тут, як кажуць, чым змаглі, тым памаглі. Але ўсё ж абурае адно: як можна так адносіцца да тых, хто з табою побач. Іншыя людзі і чужым дадуць прытулак, не гаворачы ўжо пра адзінокую сваячку, якой і патрэбна толькі дажыць свой век у родным месцы.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*