Трывала лёс звязаў з Начай

Знай наших! 24 декабря 13 1436

Не адно пакаленне жыхароў Начы ведае прыемную і добразычлівую жанчыну, таленавітага настаўніка біялогіі і хіміі ў мінулым — Марыю Фёдараўну Маханько. Для вяскоўцаў яна стала сваім чалавекам. Мала хто сёння ўзгадае далёкі 1949 год, калі малады педагог упершыню ступіла на нацкую зямлю. З таго часу для Марыі Фёдараўны гэты куток стаў сапраўдным домам.

Жанчына не хавае сваёй любові да Начы і яе жыхароў. І лічыць гэтую мясціну сваёй малой радзімай.

— Практычна ўсё жыццё я правяла тут, — кажа Марыя Маханько. — А ў Кіявічах Копыльскага раёна, дзе я нарадзілася, прайшлі толькі мае дзіцячыя гады. Успаміны аб іх азмрочваюцца падзеямі вайны: перарванай вучобай, бясконцымі бамбёжкамі, страхам, што немцы спаляць нашу вёску разам з яе жыхарамі, як гэта было ў суседніх сёлах. Калі навала мінула, спасцігалі навуку ў наёмных памяшканнях: немцы разбамбілі школу. Але гэта мне не перашкодзіла скончыць Баранавіцкі педагагічны інстытут. Атрымала накірунак на працу ў Нацкую школу, дзе на той момант было ўсяго шэсць класаў.

Марыя Фёдараўна памятае, як спачатку вельмі хацелася пакінуць вёску. Справа ў тым, што ноччу да настаўнікаў, асабліва камсамольцаў, наведваліся бандыты. Некаторыя педагогі начавалі не дома, а на сенавалах. У дадатак калега расказала выпадак, калі на кватэру, дзе жыла, прыйшлі “госці” з лесу і пачалі стукацца. Гаспадыня крыкнула: “Замыкай (значыць, зачыні дзверы. — Заўвага аўтара.)”. А яна падумала, што трэба замукаць. Да горла падступіў камок, не магла нават слова вымавіць. Пачуўшы гэта, Марыя адмовілася ад прапанаванай кватэры, якая знаходзілася акурат каля лесу, і знайшла жыллё ў цэнтры вёскі, недалёка ад старой школы. Паступова абжылася. Людзі адносіліся да маладога спецыяліста добразычліва, і яна супакоілася, вырашыла застацца ў Начы. Тым больш што адчувала падтрымку і дапамогу з боку дырэктара школы Івана Мікалаевіча Буткевіча. А яшчэ на яе звярнуў увагу настаўнік фізікі і матэматыкі, удзельнік вайны Іван Сцяпанавіч. Хутка маладыя пажаніліся, нарадзілася дачушка Людміла.

Жыццё ішло сваім ходам. Марыя Фёдараўна вучыла дзяцей, вяла танцавальны гурток. Акрамя гэтага, як настаўніца павінна была праводзіць сходы, агітаваць людзей уступаць у калгас. Жанчыне даводзілася разам з калегамі ісці (транспарта не было) не толькі ў суседнія вёскі, але і ў аддаленыя, напрыклад, Смільгіні. Як зазначае яна, добра было тое, што з людзьмі, з якімі даводзілася сустракацца і гутарыць, шчасціла: з павагай адносіліся да педагога.

Адным з любімых заняткаў Марыі Фёдараўны была пасадка кветнікаў каля школы і догляд за імі. З ранняй вясны да зімы радавалі сваёй прыгажосцю клумбы. Адны кветкі не паспелі адцвісці, а ім на змену падымалі свае галовы наступныя. Вялікі ўраджай давалі пасаджаныя ёю капуста, буракі, морква… Працавала настаўніца і з вучонымі з Мінска і Гродна. Па іх даручэнні разам з дзецьмі праводзіла доследы, якіх было так многа, што, па словах маёй гераіні, усіх і не ўспомніш. У большасці выпадкаў яны датычылі кветкаводства, напрыклад, вывучаўся ўплыў на расліны якогасьці падкорму, пасынкавання.

Цікавыя заняткі, душэўнае цяпло педагога не забываюць удзячныя вучні. Дзверы кватэры Марыі Фёдараўны не зачыняюцца. Жанчына рада гасцям і лічыць самым каштоўным скарбам тое, што аб ёй не забываюць выпускнікі. Напэўна, шмат хто завітаў да былой настаўніцы і 25 снежня — у 88-ы дзень яе нараджэння. Жадаем Марыі Фёдараўне моцнага здароўя і дабрабыту!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*