Па-за ўвагай ніхто не застанецца

Актуально 04 февраля 14 1422

На тэрыторыі раёна актыўна праходзяць мерапрыемствы падчас рэспубліканскай акцыі “Бяспечнае суседства”, якая стартавала 29 студзеня і прадоўжыцца да 9 лютага. Трэба адзначыць, што пытанні бяспечнай жыццядзейнасці людзей, асабліва пажылых, на пастаянным кантролі мясцовай улады і падначаленых ёй службаў. Не выпадаюць з поля зроку і грамадзяне, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, своечасова не разлічваюцца за камунальныя паслугі, а іх жыллё часам ператвараецца ў месца для зборышча асоб асацыяльных паводзін. Асаблівая ўвага надаецца сем’ям, аднесеным да “групы рызыкі” і ў якіх растуць дзеці. Усе гэтыя пытанні ў чарговы раз хвалявалі адказных работнікаў сацыяльнай і пажарнай службаў, супрацоўнікаў унутраных спраў, сельвыканкамаў. 30 студзеня міжведамасныя групы з іх ліку пабывалі ў населеных пунктах Бастунскага, Беняконскага, Канвелішскага, Пераганцаўскага сельсаветаў і г.п. Радунь.

Напрыклад, рабочая група ў складзе супрацоўніцы ТЦСАН Воранаўскага раёна Вікторыі Мікулкі, інспектара раённага ад-дзела па надзвычайных сітуацыях Яўгена Грэмзы і старшыні Бастунскага сельвыканкама Станіслава Войшніса пабывала ў вёсках Бастуны, Мікянцы, Раманы, Цешкелі, Шнуравічы, Доўкні, Дайлідкі і ў аграгарадку Тракелі.  Былі наведаны 3 адзінокіх, 14 адзінока пражываючых пажылых грамадзян, 2 мнагадзетныя сям’і і 12 — з “групы рызыкі”.  Асаблівых парушэнняў выяўлена не было. За адзінокімі наладжаны дзейсны догляд сацыяльных работнікаў, двум інвалідам падчас праверкі былі адразу ж устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Нязначныя заўвагі былі зроблены некаторым грамадзянам па эксплуатацыі пячнога ацяплення, у двух дамах не было электрычнага святла (па прычыне адключэння за неплацяжы).

На тэрыторыі Доцішскага сельсавета дасканала было праверана 24 дома, Пераганцаўскага —15, Канвелішскага — 16, Беняконскага —26, у гарадскім пасёлку Радунь — 30. Па выніках рэйду змешчаны ў інфекцыйнае аддзяленне ЦРБ жыхар аг. Забалаць. Вырашаецца пытанне далейшага лёсу пенсіянеркі з в. Валэйшы, якая пражывае з непрацуючым сынам, вядучым асацыяльны лад жыцця.  Падобную работу міжведамасныя групы правядуць у населеных пунктах раёна і на гэтым тыдні.

Напрыканцы гэтай інфармацыі хочацца падзяліцца асабістымі ўражаннямі ад убачанага. Пабываўшы неаднаразова ў такіх рэйдах-праверках, заўсёды задаю сабе пытанне: чаму некаторыя людзі так не паважаюць сябе? Можна яшчэ зразумець старых, нямоглых, хворых і адзінока пражываючых, мо, сілы на ўсё не хапае. Але ж яны ў большасці сваёй якраз і стараюцца падтрымліваць парадак у жыллі. А вось некаторыя маладыя сем’і (нямала і такіх пабачыў) жывуць па прынцыпу: абы дзень да вечара. Гэта ж трэба так апусціцца, каб не падмесці ў хаце, не вынесці смецце, не памыць падлогу, не прыбраць на стале… І што сабе думаюць маладыя гаспадыні, чаму такая абыякавасць да сваёй асобы?

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

На здымку: правяраецца стан пячнога ацяплення.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*