У “Сонейку” Масленiцу гукалi

Знай наших! 25 февраля 14 1387

Традыцыя правядзення беларускіх народных свят у дзіцячым садку №1 г.п. Воранава існуе даўно. У гэтым годзе выхавацель старэйшай групы Вольга Іосіфаўна Місейка з дапамогай музычнага кіраўніка Ганны Чаславаўны Родзік вырашылі не адступаць ад традыцыі і разам з іншымі выхавацелямі і дзецьмі падрыхтавалі тэатра-лізаваны паказ старажытнага свята Масленіцы.

Да гэтай падзеі ў дашкольнай установе рыхтаваліся сур’ёзна. Дзяцей знаёмілі з гісторыяй свята, яго звычаямі, развучвалі з імі вершы, беларускія народныя танцы і песні.

Так, дзеці старэйшай групы, пераапранутыя ў нацыянальныя касцюмы, расказалі загадчыкам дзіцячых садкоў раёна — удзельнікам метадычнага аб’яднання, падчас якога і дэманстравалася пастаноўка, аб тым, як святкавалі на Беларусі Масленіцу, як называліся і што ўяўлялі сабой дні на масленічным тыдні. Весяліў дзяцей забаўны Скамарох, у ролі якога выступіла сама В.І. Місейка, ды і нячыстую сілу — Бабу Ягу (выхавацель А.С. Барэйша) — таксама прыцягнулі на дапамогу гукання Вясны.

Вясёлыя карагоды, шумныя забавы і гульні падаравалі ўсім: і дарослым, і дзецям — святочны настрой. А духмяныя, ды такія жоўценькія бліны прыйшліся даспадобы ўсім гасцям і артыстам. Пасля згодна з традыцыяй дашкаляты накіраваліся на вуліцу, дзе спяваючы і танцуючы спалілі пудзіла Зімы, каб хутчэй да нас прыйшла цёплая вясновая пара.

Блінамі частаваліся Наталля ІВУЦЬ

і Алег БЕЛЬСКІ (фота).
Добавление комментария
CAPTCHA
*