Школьнікі Воранаўшчыны прынялі ўдзел у конкурсе “У краіне роднай мовы”

Актуально 21 февраля 19 1211
1689061_rodnaya-mova

Конкурс відэаролікаў “У  краіне роднай  мовы”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, праходзіць на Гродзеншчыне. Школьныя ўстановы адукацыі раёна актыўна ўключыліся ў яго.

Таленавітыя і творчыя вучні раёна свае відэаролікі прадставілі ў розных жанрах: рэпартаж, інтэрв’ю, відэакліп, кароткаметражны фільм. У іх яны распавялі пра традыцыі сваёй мясцовасці, мерапрыемствы, што ладзіліся ў школах у Тыдзень роднай мовы. Цікавую акцыю “Цукерка за беларускае слова” правялі ў Радунскай школе, дзе дэкламатарамі вершаў выступілі настаўнікі, у тым ліку дырэктар школы Святлана Пачобут. На сцэнах многіх школ прайшлі тэатраліваваныя пастаноўкі. Там “ажывалі” любімыя героі Івана Мележа з “Палескай хронікі”, аднаўляліся абрады, аб якіх сучаснікі мала ведаюць, напрыклад, на Грамніцы. А жырмунскі дзевяцікласнік Уладзіслаў Юхневіч вырашыў прарэкламаваць раённае свята “Карнавал весялосці”, што праходзіць раз у тры гады на Воранаўшчыне. Ён запрасіў гледачоў відэароліка прыязджаць на мерапрыемства, дзе ладзяцца народныя гульні.

На думку журы, пераможцамі раённага этапу конкурсу “У краіне роднай мовы” сталі Уладзіслаў Юхневіч з Жырмунскай школы і Міраслаў Гень з Пагародзенскай. Другое месца — у Валянціны Матусевіч з Доцішскай і Паліны Талчковай з Радунскай СШ. Трэцяе — у Маргарыты Касцюкевіч з Забалацкага НПК, Наталлі Ваганавай з Воранаўскай школы і ў Алега Леўдаровіча з Больцішскай.        

Праца Уладзіслава паспаборнічае за лідарства ў абласным этапе конкурсу. Яна накіравана ў рэдакцыю “Гродзенскай праўды”, на сайце якой у анлайн-рэжыме пройдзе галасаванне за лепшы відэаролік. Па яго выніках і з улікам меркавання прафесійнага журы будзе абвешачаны пераможца конкурсу.

Падтрымаем Уладзіслава Юхневіча!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Прагаласаваць можна тут 


http://grodnonews.by/mod/rodnaya_mova/

Добавление комментария
CAPTCHA
*