Апраўдалiся надзеi на “Мастах надзей”

Знай наших! 23 мая 14 1574

17 мая ў Мастах прайшоў дзявяты абласны фестываль дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей” — адзін з прэстыжных абласных конкурсаў для юных талентаў, дзякуючы якому на творчым небасхіле Гродзеншчыны запалілася ўжо не адна яскравая зорачка.

У конкурснай праграме фестывалю прынялі ўдзел лепшыя дзіцячыя эстрадныя калектывы вобласці, індывідуальныя выканаўцы, вядучыя канцэртных праграм у трох узроставых катэгорыях: малодшая (ад 6 да 9 гадоў), сярэдняя (ад 10 да 13) і старэйшая (ад 14 да 17 гадоў). Гонар нашага раёна абаранялі маладыя таленты, якія займаюцца ў Воранаўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу — гэта  вакальны калектыў “Забава” (кіраўнік Л.А. Кумпель) і вакалістка Ангеліна Івуць (кіраўнік Н.В. Вашкевіч). Яны выступалі ў самай шматлікай узроставай групе — сярэдняй. Спаборніцтва ў ёй было не па-дзіцячы сур’ёзным і напружаным, таму што многія з выканаўцаў ужо даўно аб сабе гучна заявілі і маюць не адну перамогу на прэстыжных фестывалях і конкурсах. Нашы юныя спявачкі толькі ў пачатку свайго зорнага шляху, аднак змаглі не толькі супрацьстаяць сапернікам, але і даць фору. Дзяўчаты Юля Крысінэль, Караліна Кавальчыс, Анастасія Войшніс і Ксенія Малмыга з вакальнага калектыву “Забава” ярка і артыстычна выканалі сваю песню “Вместе с нами” і атрымалі бурныя апладысменты ад гледачоў, Дыплом лаўрэатаў трэцяй ступені і падарунак ад журы. А вось выступленне Ангеліны Івуць з кампазіцыяй “Песня — это птица” ў харэаграфічным суправаджэнні Лізы Пячуры і Марыі Каспарэвіч, у якім арганічна зліліся і артыстычны вобраз, і вакальныя дадзеныя, і харэаграфія, было настолькі бездакорным, што журы прызнала дзяўчыну пераможцай фестывалю “Масты надзей” і ўручыла Дыплом лаўрэата першай ступені і каштоўны падарунак.

Віншуем з перамогай і жадаем далейшых поспехаў!


Акрамя таго, пераможцы фестывалю ўносяцца ў банк дадзеных маладых выканаўцаў Гродзенскай вобласці і будуць прапанаваны да ўдзелу ў абласных канцэртах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах. Таму спадзяёмся, што нашы юныя зорачкі яшчэ больш заявяць аб сабе і аб сваёй роднай Воранаўшчыне.

На “Мастах надзей” пабывала Наталля ПЕЦІНА.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*