Суседзi праiнспектавалi адзiн аднаго

Усё менш часу застаецца да таго дня, калі на хлебныя нівы выйдуць камбайны і пачнецца руплівая праца па ўборцы вырашчанага ўраджаю. Якім ён чакаецца, у якім стане пасевы і чым ім можна яшчэ дапамагчы, каб колас стаў больш важкім? Адказы на гэтыя пытанні былі атрыманы 17 чэрвеня падчас сумеснага аб’езду пасеваў у Воранаўскім і Лідскім раёнах.
Удзел у такім штогадовым  і патрэбным мерапрыемстве прымалі першыя намеснікі старшынь райвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгасгаспадарак ободвух раёнаў. Па загадзя вызначаных маршрутах яны пабывалі літаральна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах спачатку Воранаўшчыны, а затым і Лідчыны, дзе ў РУСП “Мажэйкава” і падвялі вынікі. Уражанняў ад убачанага было шмат, як станоўчых, так і не вельмі. Але ўсе зышліся ў адным: на палях двух раёнаў чакаецца добры намалот. Такой жа думкі быў і галоўны аграном Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскага аблвыканкама Іван Цывінскі:

— Работа зроблена вялікая і там, і там. Напрыклад, праехаўшы па палях Воранаўскага раёна, нават цяжка вызначыць лепшыя і горшыя гаспадаркі, таму што ўсюды пасевы выглядаюць добра, своечасова, за рэдкім выключэннем, падкормлены і абкошаны. Палявыя дарогі прагрэйдзіраваны, і, наогул, у большасці гаспадарак бачна высокая культура земляробства. Тым не менш, першага месца, на мой погляд, заслугоўвае эксперыментальная база “Кастрычнік”. Становішча пасеваў у кааператыве “Доцішкі” таксама прыемна ўражвае і можа вызначацца другім месцам. “Эліт-Агра Больцінікі”, “Гіркі”, “Больцішкі” — любая з гэтых гаспадарак можа прэтэндаваць на месца ў тройцы прызёраў.

У Лідскім раёне сярод лепшых можна назваць гаспадаркі “Мажэйкава” “Лідскі”, “Ёдкаўскі”. Малайцы, адчуваецца, што до-гляд за пасевамі тут вядзецца пастаянна. Але некаторым сельгаспрадпрыемствам трэба тэрмінова падкарміць асобныя культуры, асабліва на пясчаных глебах,  зрабіць хімапрацоўку.


Дзякуй усім за клопат пра зямлю, пра будучы ўраджай. Не памылюся, калі скажу, што на  сённяшні час Воранаўскі раён па стану пасеваў сельскагаспадарчых культур выглядае больш годна, а лідскім гаспадарам трэба яшчэ рупліва папрацаваць, каб дасягнуць узроўню воранаўцаў.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: галоўныя аграномы А. Боўбель (Воранаўскае ўпраўленне райсельгасхарча) і

І. Цывінскі  (Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскага аблвыканкама); удзельнікі міжраённага аб’езду пасеваў на вопытных дзялянках КСУП э/б “Кастрычнік”.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*