Хто там?

Из редакционной почты 15 февраля 11 2009
На працягу свайго існавання чалавецтва прываблівала неба сваёй незалежнасцю і неабсяжнасцю. Памятаеце, як у Тараса Шаўчэнкі: “Дывлюсь я на небо, та й думку гадаю. Чому я не сокіл, чому ж не літаю?” Дарэчы, за час эвалюцыі чалавек і птушка набылі шмат агульнага ў прозвішчах, мянушках, паводзінах, ежы. Нават хваробу аднолькавую прыдбалі — птушыны грып. Калі ж мы гаворым “сокал мой ясны”, “салавей-разбойнік”, “маці-зязюля”, “дзяцел-рэкіцір”, то, згадзіцеся, па адной толькі назве цяжка сказаць, пра каго ідзе размова — чалавека або птушку. Не спяшайцеся, шаноўныя чытачы, рабіць якіясьці высновы — гэта толькі прысказка, а казка будзе ўперадзе.
Гэты выпадак здарыўся з Кузьмой нядаўна і так даўно: у канцы дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. У нашай маладой незалежнай краіне ў той час панавалі беспрацоўе і неразбярыха. Каб не пакласці зубы на паліцу, людзі займаліся, чым толькі маглі. Брытагаловыя бандыты, як салаўі-разбойнікі, рабавалі на дарогах машыны, збіралі з гандляроў даніну, “крышавалі” новых гаспадароў. Але ж голад перамагаў страх, і Кузьма вазіў у Расію на продаж бульбу. Вядома, што за гарой і валы лепш блішчаць.
Далёкая дарога перамагла — каб не заснуць за рулём, Кузьма звярнуў на бліжэйшую стаянку ў лесе. Палічыў: тут грузавікоў шмат, таму і начлег будзе адважнейшы, спакайнейшы. Хутка знайшоўшы агульную мову з вадзіцелямі-дальнабойшчыкамі, зрабіў з імі па чарцы за вячэрай. Сон, нібы снегам, заляпіў Кузьме вочы, і ён паплёўся ў сваю машыну адпачываць. Не далічыў і да трох, як заснуў. Сніў нешта прыемнае, таму быў вельмі абураны, як хтосьці назойліва загрукаў па кабіне, прагнаўшы салодкія віды. “Недапілі, відаць, вось і барабаняць, — падумаў адразу Кузьма пра сваіх учарашніх сяброў. Але ж на двары нікога не было. Хлопцы спалі ў сваіх машынах нібы пшаніцу прадаўшы. Толькі самотны месяц дрыжаў ад першых замаразкаў, напалову закутаўшыся ў воблака, ды жалобна шапацела каляровае лісце ў аголеным лесе. Такая восеньская прыгажосць і цудоўнае паветра супакоілі Кузьму, і ён зноў улёгся. Толькі на хвілінку забыўся, як пачуў грукат па даху машыны. “Што за д’ябал жартуе?” — Кузьма куляй выскачыў з машыны. Але навокал ні душы, калі не лічыць, што недалёка ў лесе “ўхае” сава. Аж дрыжыкі па целе! Як і раней, ціхамірна спалі яго суседзі. І так яшчэ некалькі разоў. Разам з холадам праз дзверы ў машыну прабраўся страх. Тут ужо было не да сну. “А што, калі над’едуць “браткі” з пушкамі? І тавар забяруць, і па баках надаюць!” — сэрца білася мацней за той грукат. Але з такім глупствам ён саромеўся будзіць хлопцаў. Нарэшце, на яго шчасце, адзін з вадзіцеляў вылез з машыны пакурыць. Кузьма — з бядой да таго. Пачуўшы ўсё, што здарылася з Кузьмой, новы знаёмы ледзь стрымліваў смех: “Даруй, — кажа, — дружа, што не папярэдзілі цябе ўчора”. Ён як бывалы шафёр не аднойчы спыняўся тут на начлег, таму ведаў гэту таямніцу цёмнага лесу. Так нахабна паводзіў сябе дзяцел, вымагаючы ежу. Асабліва няроўна “дыхаў” гэты пярнаты рэкіцір да новых наведвальнікаў. Пакуль свайго не даб’ецца, можа стукаць усю ноч. Калі хочаш спакою, дзяліся з ім. Толькі цяпер Кузьма заўважыў на дахах высокіх фур кавалачкі хлеба. Каб адпачыць хоць рэшту гэтай вар’яцскай ночы, ён паклаў на кабіну дарагую вяндлінку. Хлеба, на жаль, не засталося. Раніцай ён ехаў і плёваўся: чаго чакаць ад людзей, калі нават птушкі здольныя на розныя хітрыкі?!
Збіраючыся ў чарговы рэйс, Кузьма заўчасна прыгатаваў кубарку зерня для слаўнага “нашчадка” хана Батыя...
Іван БАЯРСКІ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*