Гарыць агеньчык у нашых вёсках…

Социальная сфера 31 июля 19 1722
изображение_viber_2019-07-28_18-33-54

“Няўжо памятаюць пра такія невялікія вёскі, як нашы, ды яшчэ і фэст ладзяць?!” — у мінулую нядзелю здзіўляліся жыхары Жусінаў і Зарэчча Пагародзенскага сельсавета, збіраючыся на свята сваіх вёсак. Праз мосцік да суседзяў, у якіх і ладзілася яно, спяшаліся жусінцы. Чаму б і не? Практычна рукой падаць. Цудоўна будзе паразмаўляць, паўспамінаць былое! А мо, і добрыя старыя песні  зацягнуць…

  На падворку самай сталай жыхаркі гэтых населеных пунктаў Элеаноры Людвікаўны Ардзюк, якой у снежні споўніцца дзевяноста, размясцілася імправізаваная сцэна. Упрыгожылі яе дыванамі, посцілкамі, абрусамі, сатканымі мясцовымі жанчынамі. Шчыра кажучы, здольнасць і працавітасць вяскоўцаў усё свята былі ў цэнтры ўвагі. Так, ля дома Марыі Міхайлаўны Ардзюк “распусціліся” незвычайныя кветкі. Жанчына з пластыкавых бутэлек стварыла вялікі кветнік. Не паддаюцца ўзросту і ўвесь час завіхаюцца па гаспадарцы і Фагіна Феліксаўна Пецюн, Часлава Баляславаўна Кутынкіна, Галіна Адамаўна Дода, Станіслава Вікенцьеўна Рурыс, Гэлена Вандалінаўна Нэйма, Кацярына Людвікаўна Лукашун і Гэлена Вайцехаўна Лукашэвіч.

— Няхай у вокнах вашых хацінак ніколі не згасае свет. Хай дзеці, унукі, праўнукі не абмінаюць бацькоўскі парог. Здароўя на доўгія гады вам, шчырыя, адкрытыя, здольныя землякі! — ад душы жадала старшыня пярвічкі прафкама КСУП э/б “Пагародна” Рэната Іванаўна Лазоўская. Яна ўручыла падарункі сённяшнім працаўнікам эксперыментальнай базы — Генадзію Вітольдавічу Невашу, Яніне Феліксаўне Стралінскай, Віктару Іосіфавічу і Галіне Мечыславаўне Мялько.

Душэўныя песні ў выкананні артыстаў Пагародзенскага цэтра культуры і народнай творчасці не далі ўсядзець на месцы найперш дзецям. Самы малодшы жыхар Аляксандр Стралінскі, пэўна, найболей узрадаваўся выступленню брата-акардыяніста Юрыя. Хутка да малых далучыліся і дарослыя. Раз нядзеля — можна і адпачыць ад паўсядзённых спраў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Пагародзенскага ЦкіНТ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*