Неабыякавыя краязнаўчыя нататкі, ці Дайсці да Беларусі...

Страницы истории 05 апреля 11 1996
Неабыякавыя  краязнаўчыя нататкі,  ці Дайсці да Беларусі...
На вялікі жаль, нататкі краязнаўцаў апошнім часам не вельмі часта з’яўляюцца ў СМІ. Я ўжо не кажу пра адметна-”векапомныя” публікацыі, за якія нам будуць вельмі ўдзячны нашчадкі. А з кожным годам ад нас адыходзяць у небыццё мудрагелістыя старажылы-суайчыннікі — гонар нацыі, з якімі мы так і не паспелі сустрэцца, пагутарыць, запісаць для гісторыі іх цікавыя ўспаміны. А інтэлект і памяць сівых суразмоўцаў — гэта шматлікія разгадкі і існуючых праблем сучаснасці...
Нават многія настаўнікі школ Беларусі, якія і павінны быць прапагандыстамі і ўдзельнікамі нацыянальнага адраджэння, наогул не займаюцца краязнаўчай дзейнасцю, і нярэдка іх “дзейнасць” працякае толькі ў планах і справаздачах. На ўроках некаторыя педагогі сёння займаюцца не патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення, а практычным “нацяжарваннем” з мэтай падрыхтоўкі да якаснай здачы ЦТ. А што за нацыя падрастае, якая не хоча сваім духам даходзіць да Беларусі, да асэнсавання яе неабсяжнай спадчыны, да ўсведамлення таленавітасці народа. Высокі бал — гэта зусім не сінонім высакароднай душы.
Мы, краязнаўцы, павінны і можам у XXI стагоддзі ўзвышаць свой голас, уздымаць набалелыя пытанні, ад якіх залежыць лёс беларускай культуры, а разам з тым і прэстыж нашай краіны ў свеце. Цяжка ўявіць сабе добрага чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў, без памяці, без роду! Таму вялікая ўвага ў навучальных установах павінна ўдзяляцца найперш эфектыўнай краязнаўчай дзейнасці. У школах павінны актыўна функцыянаваць краязнаўчыя гурткі і музеі, таму што менавіта яны фарміруюць грамадзянскую пазіцыю, нацыянальную годнасць, павагу да традыцый беларускага народа. Бо сапраўды — каб зразумець сучаснасць і прадбачыць будучыню, трэба вывучаць і даследаваць наша мінулае. У школьнага краязнаўства ёсць вялікія навучальныя і выхаваўчыя мэты і задачы: фармаваць пазнавальную актыўнасць моладзі, сістэматызаваць веды па краязнаўстве, прывіваць цікавасць да культуры роднага краю, натхняць творчую ініцыятыву моладзі, знаёміць з рознымі формамі народнай творчасці, выхоўваць высокія маральныя якасці. Самы лепшы сродак прывіць дзецям любоў да айчыны — каб гэта любоў была ў бацькоў і ў саміх педагогаў...
Вельмі добра, што ў нас ужо сталі традыцыйнымі краязнаўчыя чытанні, нават рэгулярна выдаюцца зборнікі гэтых чытанняў. Толькі шкада, што яны выдаюцца вельмі сціплымі накладамі, адразу ж робячыся бібліяграфічнай рэдкасцю. А гэта ж вельмі каштоўная літаратура, асабліва для ўстаноў адукацыі і культуры, для маладых спецыялістаў.
Я з юнацтва займаюся вывучэннем тапонімаў Беларусі. Мяне заўсёды цікавіла пытанне: чаму так, а не інакш названы тая ці іншая вёсачка ці мястэчка, рачулка, возера... Яшчэ са студэнцкіх гадоў краязнаўчыя даследаванні мне прыносяць вялікае задавальненне. I ў час шматлікіх вандровак па краіне мае блакноты папаўняюцца ўсё новымі і новымі запісамі, успамінамі старажылаў...
Краязнаўцы ў рэгіёнах нярэдка забываюць, што для краязнаўства іх старонкі істотна не толькі дробязнае, але і ўсебаковае вывучэнне роднай тэрыторыі, горада, вёскі, мястэчка. I нават ужо сабраныя рэчы, узоры, дакументы, помнікі нярэдка ў нас усё яшчэ не сістэматызаваныя, а толькі фармальна апісаныя.
Адзначу, што вельмі цікавая з’ява — царкоўнае краязнаўства. I прычым нярэдка менавіта храмы як архітэктурныя помнікі з’яўляюцца бадай адзіным сапраўдным духоўным упрыгожаннем роднага населенага пункта! А якіх прыхаджан яны толькі ні бачылі!
Не на належным узроўні ў нас і літаратурнае краязнаўства. Параўнальна рэдка праводзяцца экскурсіі па памятных літаратурных мясцінах, сустрэчы і перапіска з пісьменнікамі-землякамі, іх сваякамі і знаёмымі. Нярэдка мы ўзгадваем пісьменніка-земляка толькі тады, калі бачым у газеце ўжо некралог пра яго...
Края-знавец... Гэта гучыць не толькі ганарова, але і надзвычай адказна. Краязнавец не толькі сам павінен добра ведаць і даследаваць найбольш істотныя рэаліі Бацькаўшчыны, але і прапагандаваць, папулярызаваць нашу спадчыну ў моладзевым асяродку, натхняць абыякавых і пасіўных суайчыннікаў — ДАЙСЦІ ДА БЕЛАРУСІ!!! Мы забываем чамусьці, што менавіта краязнаўства мае надзвычай вялізнае грамадска-палітычнае, культурна-асветніцкае і патрыятычна-выхаваўчае значэнне.
Буду рады, калі гэты мой зварот закрануў за самыя эмацыянальна-балючыя кропкі вашай душы.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.