З перспектывай у новы навучальны год

Актуально 31 августа 12 1678
З перспектывай у новы навучальны год

Па выніках мінулага года Воранаўскі раён у рэйтынгу забяспечанасці якасці адукацыі заняў  шостае месца ў вобласці (2010 год — дванаццатае). Гэты паказчык быў дасягнуты дзякуючы працы кожнага педагога Воранаўшчыны, кожнага калектыву ўстаноў адукацыі. Іх дзейнасць была высока адзначана на раённай жнівеньскай нарадзе кіраўнікоў устаноў адукацыі, іх намеснікаў, загадчыкаў дашкольных устаноў, настаўнікаў, выхавацеляў і ветэранаў педагагічнай працы. Падчас форуму было выказана спадзяванне, што маладое пакаленне (17 спецыялістаў прыступілі да працы толькі ў гэтым годзе — прыкм. аўт.) не толькі будзе пераймаць вопыт старэйшых калег, але і прынясе свежы струмень у настаўніцкую работу.

На здымку: пачынаючыя педагогі Аляксей Дайлідка з Жырмунскай СШ, Аксана Дрэма з яслей-сада в. Беняконі, Эрыка Федаровіч з Беняконскай СШ, Наталля Барташэвіч з Забалацкага НПК і Аляксандр Міхневіч з Радунскай школы-інтэрната з нецярпеннем чакаюць першага верасня.

Нашы поспехі


Павялічыўся працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі з 58,6% да 62,14%. Гэта лепшы вынік у сістэме адукацыі раёна за апошнія гады. Самае высокае паступленне ў Воранаўскай СШ (80,36%), Жырмунскай СШ (80%), Канвелішскім НПК (68,18%) і Пагародзенскай СШ (66,67%). Прыемна, што павышаецца і выніковасць у алімпіядным руху. 39% прадстаўнікоў нашага раёна на абласным этапе  рэспубліканскай  алімпіяды сталі пераможцамі (2010-2011 вучэбны год — 34,7%). Два дыпломы і адну грамату атрымалі ў  заключным  этапе  рэспубліканскай алімпіяды  па  агульнаадукацыйных прадметах. Вучань Забалацкага НПК Канстанцін Вільчэўскі (педагог-трэнер Ю.І. Вільчэўскі) прыняў удзел у ХІІ Міжнароднай алімпіядзе па праграміраванні і інфарматыцы, дзе заняў 3-е  месца ў складзе каманды.


З камп’ютарам на “ты”


Комплексная інфарматызацыя адукацыі — важны накірунак, якому сёння надаецца сур’ёзная ўвага. Упраўленне адукацыі для трох апорных кабінетаў выдзяліла 9 камп’ютараў, 5 — для інфармацыйна-бібліятэчных цэнтраў. Беларускім дзяржаўным універсітэтам у хуткім часе будзе ўкамплектаваны мабільны камп’ютарны клас у Воранаўскай СШ. 17 устаноў адукацыі маюць свой інфармацыйны рэсурс-сайт. Па выніках абласнога конкурсу сайт аддзела адукацыі ўзнагароджаны Дыпломам упраўлення адукацыі ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшы сайт упраўлення (аддзела) адукацыі райвыканкама”. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” работа  настаўніка гісторыі Радунскай гімназіі С.Б. Жэгждрын адзначана Дыпломам ІІ ступені. 89 педагогаў маюць сертыфікат карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій.

Першая прыступка ведаў


Дзіцячыя сады наведвалі 1 242 выхаванцы. Ахоп дашкольнай адукацыяй павялічыўся і склаў 82,09% (абласны паказчык — 85,8%). Улічваючы дэмаграфічную сітуацыю і запыты бацькоў, на базе 20 устаноў навучання працавалі 20 груп кароткачасовага знаходжання. Таксама дзейнічалі 6 гульнёвых пляцовак, 2 “матчыны школы” для дзяцей да 3 гадоў і іх бацькоў, 12 адаптацыйных груп. Дзякуючы намаганням па стварэнні здароўязберагаючага асяроддзя знізілася захворванне дашкольнікаў — за 2011 год 3,95 дні склалі пропускі па хваробе (абласны паказчык — 8,7), а за ІІ паўгоддзе 2012г. — 2,3 дні.

На ўмацаванне базы, стварэнне ўмоў для развіцця дзіцяці ў рамках рэалізацыі Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі на 2009-2014гг. у мінулым годзе выдаткавана 652,9 млн. руб., у 2012г. — 242 млн. рублёў. Забяспечанасць устаноў дашкольнай адукацыі сродкамі навучання, цацкамі і спартыўным інвентаром складае 79,2%. Адрамантаваны плавальны басейн у яслях-садзе №2 г.п. Воранава. У гэтым навучальным годзе будзе актывізавана работа па набыцці абсталявання для гульнёвай дзейнасці і фізічнага развіцця дзяцей.


Слова за школай


2011-2012 навучальны год скончылі 3 469 навучэнцаў. Сярэдні бал практычна ва ўсіх установах навучання вышэй за сем. Вырас працэнт паспяховасці на 9-10 балаў і склаў 10,3%, на 5-10 балаў — 75,2%.

З 245 выпускнікоў 11 класа атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём уручаны 15 школьнікам — 6,12% ад колькасці выпускнікоў, што вышэй абласнога паказчыка. Больш за ўсё выдатнікаў у Воранаўскай СШ, Нацкім і Бастунскім НПК. Да слова, усе медалісты паступілі ў вну, а 11 з іх — на бюджэтную форму навучання.

Працаваць — на будучыню


Адукацыя павінна працаваць не толькі на сучаснасць, але і на будучыню. Таму ў навучальных установах неабходна стварыць усе ўмовы для развіцця асобы дзіцяці, а таксама для адпаведнасці ўзроўню падрыхтоўкі школьнікаў патрабаванням да выпускнікоў у рамках адзінай еўрапейскай і сусветнай адукацыйнай прасторы. Працэс навучання павінен быць забяспечаны ўсімі неабходнымі рэсурсамі. Асабліва ўмацаванне базы павінна весціся ў кабінетах замежнай мовы, так як з гэтага года выпускнікам давядзецца здаваць абавязковы экзамен па дадзенаму прадмету.

**********


Жнівеньская нарада была б няпоўнай без цёплых слоў віншавання настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года і пажадання ім плённай працы, якія прагучалі з вуснаў намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама І.С. Урбановіча і старшыні Воранаўскага райвыканкама М.А. Розума. Урачысты момант дапоўнілі  ўзнагароды, уручаныя выхавацелям, педагогам, кіраўнікам  устаноў навучання і спецыялістам сістэмы адукацыі раёна. Таксама былі адзначаны творчыя работы Д.І. Міхневіч, Н.І. Ластаўкі, В.К. Пац і Дз.І. Лялько. Яны прынеслі шмат задавальнення ўдзельнікам нарады. Лёгкі сум напоўніў залу, калі педагогі Воранаўшчыны развітваліся з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама А.В. Кашлеем, які шмат гадоў накіроўваў іх дзейнасць, а цяпер пакінуў гэтую пасаду.

На вясёлы лад і хуткае спатканне са школай  усіх настроілі артысты  эстэтычнага цэнтра “Прыгажосць” г.п. Радунь — шчырыя словы, лірычныя песні і заліхвацкія танцы ліліся і выконваліся выступоўцамі ад душы.

На нарадзе пабывалі Марына КАНДРАТОВІЧ

і Алег БЕЛЬСКІ (фота).

На здымках: начальніку аддзела адукацыі райвыканкама А. Кашлею ўручае Грамату старшыня райвыканкама М. Розум; фота на памяць; падчас канцэрта.