Жывуць у памяцi ваенныя дарогi

Разам з пажаданнямі моцнага здароўя, жыццёвых сіл у той дзень гучала і падзяка за ратны подзвіг, за мірнае неба над галавой. Юльян Аляксандравіч расчуліўся. Міжволі ўспомніў пройдзеныя ваенныя дарогі, тры месяцы змагання з ворагам у радах Войска Польскага, якія па перажытаму можна, несумненна, прыраўняць да трох год.
— Трапіў я ў танкавую часць. Быў заражаючым. Снарады цяжкія былі, паспрабуй падняць ды загрузіць… Але тады неяк пра гэта і не думалася. Асабліва не хапала паветра, калі мы стралялі — у сярэдзіне ў танку тады стаяў дым. А над галавой ляталі не кулькі — а снарады… Нічога, вытрымалі ўсё з трыма таварышамі, дайшлі да Эльбы, — расказвае ветэран. Голас не-не ды і замірае. Успаміны аб баях, аб баявых сябрах не пакідаюць Юльяна Аляксандравіча і сёння: — Атрымалі загад пераадолець больш за дваццаць кіламетраў — увайсці ў Берлін. Выехалі ноччу, ды танк зламаўся па дарозе. Пакуль рамантаваліся, прыйшла радасная вестка: “Перамога!!!”.
Пасля перамогі салдат вярнуўся ў родныя мясціны. Для яго пачаўся новы час — час мірнай працы. Аб былым ліхалецці напамінам засталіся ўзнагароды — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і медалі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”, “За ўзяцце Берліна”.
Больш за 30 год працоўнай дзейнасці ён аддаў калгасу “Радунскі” (зараз СВК “Доцішкі”). Ніякай работы не баяўся. Працаваў шчыра, як для сябе. З калгаса і выйшаў на заслужаны адпачынак.
Часта ў бацькоўскай хаце Радзевічаў збіраецца ўся немалая сям’я — чатыры дачкі, чатыры ўнукі і адна праўнучка. Яны і ёсць самы вялікі скарб у жыцці Юльяна Аляксандравіча.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара.