Чытаем кнігі на роднай мове
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашага народа родная мова – беларуская. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё ганаровае месца сярод іншых моў свету. Яна для нас найпрыгажэйшая, наймілагучнейшая, ззяе шматлікімі фарбамі, здзіўляе шматгалоссем.
У першую чаргу хочацца ўспомніць радкі славутага мастака беларускага слова, заснавальніка літаб’яднання “Маладняк” Уладзіміра Дубоўкі:
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай...
Да Міжнароднага дня роднай мовы Воранаўская раённая бібліятэка запрашае ўсіх жадаючых звярнуць увагу на мастацкую беларускую літаратуру і прапануе прачытаць наступныя кнігі з новых паступленняў у скарбніцу бібліятэкі:
Гальпяровіч, Н. Я. “Горад”: аповесці, апавяданні.
Родны горад для пісьменніка — увасабленне яго мар і сноў, яго жыццевай пазіцыі, яго творчага шляху. Полацк прадстае перад чытачом як высокі светлы вобраз, як выток і працяг новых дарог, памкненняў і здабыткаў. У кнігу, акрамя дзвюх аповесцей, увайшлі таксама апавяданні, прасякнутыя шчырасцю і спавядальнасцю, роздумам пра мінулае і сенняшні дзень.
Кніга напоўнена пачуццямі дабрыні і шчырай пяшчоты, што характэрна для ўсіх твораў вядомага паэта, празаіка і публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Забалотны, М .В. “Праз цярнёвы гушчар прабірацца да зорак”.
Збор вершаў нашага земляка, які перакладзены з рускай мовы на беларускую мову вядомай гродзенскай паэтэсай Данутай Бічэль уразіць вас вершамі, якія прысвечаны роднай зямлі, яе прыгожым краявідам. Шмат вершаў – прысвячэнняў жанчыне : жанчыне – маці, жанчыне – сяброўцы, жанчынам розных прафесій з якімі давялося супрацоўнічаць аўтару. Вершы – разважанні пра жыцце, сяброўства, каханне, адзіноцтва прымушаюць чытача задумацца аб сэнсе жыцця і сваіх учынках.
Кебіч, Л. А. “Жыццевыя путы” : аповесці.
Кніга беларускай пісьменніцы Людмілы Кебіч уключае аповесці рэалістычнага характару, якія часам мяжуюць з фантастыкай. Як кажуць іншы раз у такіх выпадках, “Санта – Барбара адпачывае”.
У многіх сюжэтах чытачы змогуць убачыць саміх сябе, паразважаць і, магчыма знайсці падказку, як вырашыць пэўныя уласныя надзенныя пытанні.
Пазнякоў, М. “Голас” : аповесці, апавяданні, абразкі, эсэ. Магістральнай тэмай выдання з’яўляецца тэма Радзімы, чалавечай годнасці, мужнасці, адданасці добрай справе. У аснову большасці твораў пакладзены аўтабіяграфічны матэрыял, жыцце блізкіх людзей, незабыўныя сустрэчы на жыццевых дарогах.
“Суквецце беларускіх дзіцячых кніг”:

Бутэвіч, А. І. “Расстайны пах асоту” : аповесць і апавяданні.
Кніга беларускага пісьменніка Анатоля Бутэвіча ўключае творы, прысвечаныя каханню — гэтаму загадкаваму і магічнаму пачуццю, часам неспасцігальнаму, як і сам сэнс жыцця. Распавядаючы пра першую закаханасць падлеткаў, пра ўзаемаадносіны ў школе і ў час адпачынку, першы танец, першы пацалунак, першае ліставанне, аўтар уздымае складаныя пытанні, якія застаюцца важнымі для чалавека на ўсё жыццё.
Якімовіч, А. М. “Белакрылая птушка” : аповесці, вершы.
У новых аповесцях вядомага беларускага пісьменніка Аляксея Якімовіча расказваецца пра падлеткаў, якія трапляюць у розныя драматычныя сітуацыі і годна спраўляюцца з імі.
У кнігу ўключаны і новыя вершы аўтара.
Дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту раім прачытаць фантастычную аповесць Шабанец, М. Р. “Пасланцы Цмока”.
Невядомая Хвароба знішчае толькі людзей — і гэта кепскія звесткі для Дрыгвянога княства. Каб спыніць Хваробу і не даць распачацца вайне, у Курганнае княства ідуць сын млынара, знічка, дабрахожы, хіхітун і князеўна. За спінай яны пакідаюць Цмока, у палацы якога лютуе Хвароба. Даведацца аб прыгодах герояў магчыма калі прачытаеш кнігу.

Васілевіч, А. С. “Калінавая рукавічка”: апавяданні. Вядомая беларуская пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Алена Васілевіч раскрывае характары герояў праз тэмы любові да бліжняга, да жывел, да прыроды. Легкая жывая манера апавядання, пявучая народная мова, гумар характарызуюць яе апавяданні.Дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў будзе цікава і карысна адпачыць з гэтай кнігай.
Калі мы вас зацікавілі гэтымі выдатнымі творамі, то набыць іх для чытання можна як у Воранаўскай раённай бібліятэцы.
Запрашаем вас за навінкамі беларускай літаратуры па адрасе: г.п. Воранава, вул. Савецкая, 29.
Алена ВЕЛІГОР, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.
