Хай дапаможа нам Бог!

В посёлке 20 октября 15 1378


У паэтэсы Ірыны Багдановіч ёсць такія радкі:

Восень абсыпала дрэвы

Жоўтым прыгожым лістком,

Восень сабрала пасевы

З поля пагодным дзяньком,

Збожжа ў гумно накладала,

Бульбу ссыпала ў мяхі,

У косы цыбулю сплятала,

Вешала іх ля страхі.

Лушчыла ў торбы сланечнік,

Мак, і хвасолю, і боб.

Восень у клопаце вечным,

Хай дапаможа ёй Бог!

Праўда, вельмі цёплыя, трапныя словы? Тут табе і  пра прыгажосць прыроды, і пра яе непарыўную еднасць з чалавекам, пра бясконцую смагу жыцця ва ўсіх яе паўсядзённых праяўленнях, пра людскую плённую працу і яе вынікі — багаты ўраджай! І ўсё гэта яскрава было відаць у мінулую суботу на  сельскагаспадарчым кірмашы ў Воранаве.

Зіма, як вядома, прыходзіць не на адзін месяц.Таму запасціся рознымі зямнымі дарамі — найважнейшы клопат людзей у гэтую восеньскую пару. Будзе багаты сытны стол, то і самыя траскучыя маразы не напалохаюць. Вось і спяшаліся людзі на аўто ці на веласіпедзе, а хто і пешшу, на плошчу райцэнтра, каб купіць для сябе і для хатняй жывёлы рознай гародніны ды збожжа.

А зямных дароў, дзякуй працаўнікам сельгасарганізацый Воранаўшчыны, на кірмашы было ўдосталь — звыш 18 тон збожжа, бульбы — каля 4 тон. Па ўмераных цэнах прадаваліся бульба розных гатункаў (паўтары тысячы за 1 кг), жыта, пшаніца і ячмень (ад 1 600 да 2 200 рублёў ), грэчка (10 000), кукурузнае зерне (мяшок за 108 000), мёд (70 000 за 1 кг)… Самая ж вялікая чарга ўтварылася каля машыны з Жырмунаў — жывая рыба па 35 тысяч рублёў за кілаграм ішла нарасхват.

З задавальненнем куплялі людзі капусту, буракі, моркву, цыбулю ў фермераў і арэндатараў не толькі з Воранаўскага, але і з Лідскага раёна. Мелі вялікі попыт саджанцы агрэсту, маліны, жымаласці, вішні, шаўкавіцы, айвы і арэха грэцкага. У момант раскупілі воранаўцы саджанцы яблынь і груш, якія былі прывезены з Навагрудка. Парадавала жыхароў райцэнтра і адкрытае акцыянернае таварыства “Шчучынская птушкафабрыка”: яйкі курыныя каштавалі ад 9 да 13 тысяч рублёў за дзясятак, куры-нясушкі англійскай пароды па 45 тысяч адразу знайшлі сваіх пакупнікоў.

Не абышлося на воранаўскім кірмашы без розных забаў для вока і для душы. Традыцыйныя бяспройгрышная латарэя, выстава-продаж дэкаратыўных вырабаў Дома рамёстваў, поп-корн, салодкая вата…  А як узбагацілі кірмашовую атмасферу музыка ды спевы шматлікіх аматараў народнага мастацтва з Жырмунаў, Больці-нікаў, Тракеляў, Канвелішкаў, Воранава! Але сапраўдным падарункам для гледачоў стала выступленне ансамбля цыганскай песні “Джана Рома” з Ашмянаў. Мабыць, не хопіць самых прыгожых слоў, каб расказаць аб прыродным таленце і артыстызме яго ўдзельнікаў. Слухаючы іх, знаходзішся быццам пад гіпнозам, кожная струнка тваёй істоты гучыць аптымістычна, і, здаецца, жыццё бясконцае!

З не меншым размахам у той жа дзень прайшоў кірмаш і ў гарадскім пасёлку Радунь. Там шырокі выбар сваёй прадукцыі прадставілі гаспадаркі “Гіркі”, “Доцішкі”, “Місявічы” і “Больцішкі”, а таксама фермеры. Прагучала на радунскім свяце і шмат песень у выкананні мясцовых артыстаў.

Словам, арганізатары кірмашоў і з надвор’ем прыгадалі, і тавар добры прадавалі, а людзі з ахвотай куплялі!

Хай жа сонца ярка свеціць,

Каб у нас усё расло,

Каб вяліся ў нас дзеці

І каб гора не было!

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

На здымках: воранаўскі кірмаш у асобах.

Фота Валерыя КАЛЯСІНСКАГА.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.

Добавление комментария
CAPTCHA
*