27 мая спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі

27 мая спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі

Уладзімір Адамавіч Жылка нарадзіўся 27 мая 1900 года ў вёсцы Макашы непадалёк ад станцыі Гарадзея, што каля Нясвіжа. Ён вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, агранамічным вучылішчы ў Расіі, скончыў Слонімскую вышэйшую пачатковую школу, займаўся ў Ковенскай сельскагаспадарчай вучэльні. У 1917 годзе паэт пераехаў у Мінск, дзе працаваў аграномам. Пазнаёміўся з пісьменнікамі нашаніўскага пакалення Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Ядвігіным Ш. і маладнякоўцамі (Міхасём Чаротам і інш.). Уладзімір Жылка актыўна ўдзельнічаў у палітычным руху (напрыклад, быў удзельнікам Усебеларускага кангрэса 1917 года).

У 1920 годзе захварэў на сухоты і з’ехаў да родзічаў у вёску, якая адышла да Польшчы пасля Рыжскага міру. У 1921 годзе ў жартоўным звароце да рэдактара газеты «Наша думка» паэт напісаў: «Калі ж што лішняе сказаў, Хай мне даруецца абмылка. Затым з пашанай застаюсь Ўладзімір, сын Адамаў, Жылка, Па волі лёсу беларус». Верш быў не для друку, але яго апублікавалі, бо ён адгукаўся ў сэрцах тых, хто таксама быў «па волі лёсу беларусам» у Заходняй Беларусі.

Уладзімір Жылка жыў у Вільні, дзе пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, у Дзвінску (Даўгаўпілсе), Коўне. Адправіўся вучыцца ў Пражскі ўніверсітэт.

У 1926 годзе Жылка пераехаў у БССР, працаваў у газеце «Звязда», выкладаў у музычным тэхнікуме.

З_палёў_Заходняй_Беларусі_1927.pdf.jpg                  7.jpg

Чалавек, які належаў да беларускай культуры і адначасова меў заходнееўрапейскую адукацыю, Уладзімір Жылка на беларускім матэрыяле развіваў разнастайныя традыцыі: антычную (выкарыстоўваючы пентаметры і гекзаметры), рэнесансную (санеты, вершы-пасланні), сярэдневяковую (жанр ле), рамантычную (рамантычная паэма, вершы-мроі, малітвы, прароцтвы) і мадэрнісцкую (верлібры і белыя вершы). А як паэт-рамантык ён асабліва цаніў фальклор не столькі фармальна, колькі сутнасна, з містыкай, жахамі, чарадзейнымі матывамі. Пры гэтай разнастайнасці падыходаў і багацці форм паэт ставіўся даволі крытычна да сваёй творчасці. «Маё гора, што я не ўмею рабіць нічога вольна і звонка; ёсць у маёй істоце нешта цяжкое, панурае», — пісаў ён у дзённіку ў 1923 годзе.

Паэт абапіраўся на фальклор і ў разуменні смерці: невылечная хвароба наклала свой адбітак на яго творы. Пішучы пра смерць, ён называў яе «каханкай», «збавіцелькай», «сястрой», такім чынам аб’ядноўваючы ў творчасці агульнанароднае бачанне з уласна аўтарскім.

Перажыванні і развагі Уладзіміра Жылкі пра лёс Беларусі на рэвалюцыйным шляху аформіліся ў неарамантычную паэму «Уяўленне» (1923). Лірычны герой на свае вочы бачыў стварэнне гісторыі. Пасля публікацыі паэмы Жылка адразу быў прызнаны значным паэтам, твор ухвалены калегамі і крытыкамі і ў Заходняй, і ў Савецкай Беларусі. Аўтарытэтны крытык таго часу Антон Навіна так выказаўся пра паэму ў артыкуле «На новых шляхох»: «Паскольку Міхась Чарот выяўляе ў сваёй паэме духовую сутнасць рэвалюцыі сацыяльнай, пастольку Уладзімер Жылка ў “Уяўленні” адтварае псіхалагічны бок нацыянальнае рэвалюцыі».

Потым былі яшчэ дзве кнігі — «На ростані» (1924) і «З палёў Заходняй Беларусі» (1927). Апошняя кніга вельмі жорстка крытыкавалася, а яе тэматыка паступова пераставала быць актуальнай у савецкай культурнай прасторы. «З творчага боку ў Ул. Жылкі не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры», — пісаў часопіс «Маладняк» у 1928 годзе.

Працуючы ў Мінску, з «Маладняка» паэт перайшоў ва «Узвышша». Там ажаніўся са сваёй студэнткай Рымай Маневіч. У 1930 годзе ў іх нарадзілася дачка Беатрычэ (лёс склаўся так, што дзяўчынку мусіла гадаваць бабуля, так Беата паступова стала Натай, каб у выніку яе імя было афіцыйна зменена на Наталля), а Жылка быў арыштаваны і сасланы ва Уржум — і жонка пакінула яго і дачку. Паэт памёр у высылцы ад абвастрэння хваробы ў 1933 годзе.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела маркетынгу,сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.