6 ліпеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Пятра Глебкі
Пятро Глебка — нарадзіўся 6 ліпеня 1905 г. беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Пятро Фёдаравіч Глебка з’явіўся на свет у вёсцы Вялікая Уса Ігуменскага павета (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыцца пачаў са спазненнем, але першае і другое аддзяленне царкоўна-прыхадской школы прайшоў за год. У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку і нейкі час працаваў сакратаром сельсавета, а ў 1924 г. паступіў у Мінскі белпедтэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся ў БДУ на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта (закончыў у 1930 г.).
Членам «Маладняка» стаў у 1925 г., падчас вучобы ў белпедтэхнікуме, дзе займаліся тады многія маладыя пісьменнікі: Максім Лужанін, Андрэй Александровіч, Сяргей Дарожны, Зінаіда Бандарына, Паўлюк Трус, Алесь Якімовіч і інш. Праўда, у 1926 г. П. Глебка перайшоў ва «Узвышша» (у 1928—1930 гадах выконваў абавязкі сакратара аднайменнага часопіса).
Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у рэдакцыях газеты «Калгаснік Беларусі», часопіса «Полымя рэвалюцыі», кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны — у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», друкаваўся ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». Быў рэдактарам выдавецтва «Савецкая Беларусь», галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, якое тады працавала ў Маскве. Адначасова з 1944 г. кіраваў работай па складанні «Руска-беларускага слоўніка».
Цікава, што жонка П. Глебкі Ніна засталася ў акупаваным Мінску і працягвала працаваць на радыё. Пры гэтым яна была звязана з падполлем і выратавала яўрэйскую дзяўчынку, якую Глебкі потым удачарылі.
З 1945 г. Пятро Фёдаравіч працаваў у Акадэміі навук БССР. З 1956 г. — ён дырэктар Інстытута мовазнаўства, у 1957—1969 гг. — дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.
Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у складзе беларускай дэлегацыі неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 18 снежня 1969 г.
Людміла ФУРМАН,
загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.