Сімвал дружалюбнасці і адкрытасці. У Радунi Xlll раённы фестываль народных традыцый і мастацтва “Кола сяброўства” зноў сабраў землякоў

Непаўторныя “Лявоны”, горад майстроў і добрыя ўсмешкі землякоў. Шматнацыянальная Радунь зноў сустракала ўдзельнікаў раённага фестывалю народных традыцый і мастацтва, які з’яўляецца адным з самых цікавых у разнастайнай палітры брэндавых мерапрыемстваў Воранаўшчыны.
— Больш за дзве тысячы беларусаў, палякаў, рускіх, яўрэяў, цыган знайшлі ў гэтым куточку свой родны дом, — прывiтала радунцаў старшыня раеннага Савета дэпутатаў Алена Ганевiч. — Свята песень, абрадаў і звычаяў вучыць кожнага з нас паважаць свае карані, з пашанай ставіцца да мінуўшчыны і ствараць атмасферу талерантнасці ў грамадстве. Стагоддзямі ў Радунi фарміраваўся ўнікальны характар этнакультурнага добрасуседства розных народаў. I гэтае свята — сімвал дружалюбнасці і адкрытасці.



Гучным, віртуозным і пранікнёным выкананнем музычных твораў на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах распачаўся канцэртны вянок свята. Сярод выступоўцаў — прафесiйныя калектывы i пачынаючыя артысты.
Першымi прывiталi слухачоў госцi з Iўя — галасiстыя вакалiсткi са "Спадчыны".
Парадавалi дзіцячыя ансамблi “Юность” i “Радунскія салавейкі”, народны ансамбль народнай музыкі “Лявоны”. Задаволеныя гледачы, сярод якіх, хачу зазначыць, былі прадстаўнікі розных пакаленняў, кожны выступ прымалі бурнымі апладысментамі.
Конкурс на лепшае нацыянальнае падвор’е раскрыў традыцыі народаў у прыгатаваннi нацыянальных страў.





































