КСУП “Місявічы” паставіла рэкорды на жніве

Андрэй Бурнос, дырэктар КСУП “Місявічы”:
— Цякучы аграрны год для нас складваецца ўдала, калектыў паставіў рэкорды ў працы. Змаглі значна падцягнуць культуру земляробства і заняць у раёне 3-е месца па гэтаму паказчыку. Не прыгадаю за час сваёй працы такога высокага вала зерня і ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур. Самая высокая была ў 2008 годзе — 46,8 ц/га, а сёлета яна склала аж 53 ц/га! Хоць рапс і падвёў, але па ўраджайнасці ў раёне наша гаспадарка заняла 3-ю пазіцыю.
Найбольш прыемна, што місявіцкія хлебаробы на другім месцы ў раённым спаборніцтве па ўраджайнасці на 1 балагектар пашні, таму што ён у нас самы нізкі з усіх гаспадарак Воранаўшчыны. Да таго ж, практычна ў 6 разоў удалося перавыканаць дзяржаўны заказ на півавараны ячмень.
Усё гэта стала дзякуючы ў першую чаргу руплівай працы агранамічнай службы, якая на першае месца паставіла дыктатуру тэхналогіі. Нашы вадзіцелі і аператары зернесушыльных установак, як звыкла, сталі перадавікамі і адзначаюцца на раённай сцэне “Дажынак”. Дзякуй вам, нашы дбайныя земляробы, ад душы — усё атрымалася ў нас у раслінаводстве!