Сіла слова. Ліда стала эпіцэнтрам літаратурных падзей

XXXII Дзень беларускага пісьменства аб’яднаў свята нацыянальнай культуры, духоўнай спадчыны і кнігадрукавання. Ён стаў з’явай, якая злучыла ў адно гісторыю і сучаснасць, традыцыі і новыя арт-рашэнні, склікала вядомых пісьменнікаў і паэтаў, прадстаўнікоў вядучых СМІ і кнігавыдання, таленавітых айчынных выканаўцаў і майстроў.
У канцэпцыю свята сёлета ўключана некалькі тэм. У першую чаргу — 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама Год добраўпарадкавання. Шмат увагі адведзена і юбілейным літаратурным датам. Акрамя юбілеяў класікаў беларускай літаратуры, самай знакавай з’яўляецца 500-годдзе з дня першай публікацыі на беларускіх землях кнігі “Апостал” Францыска Скарыны. Сёлетняе свята, акрамя насычанай і яркай двухдзённай праграмы, абагаціла і культурна напоўніла гасцей і жыхароў Ліды. Якая, апроч гэтага, у верасні адзначыць свой дзень нараджэння і штогадовы фестываль “Лідбір”. Аб’яўлены Год добраўпарадкавання яшчэ больш паспрыяў рэалізацыі масштабных абнаўленняў па ўсім горадзе. Вуліцы прыкметна пахарашэлі, патанаючы ў кветкавых кампазіцыях, новых месцах адпачынку для жыхароў і турыстаў. А іх тут насамрэч шмат!
Рэалістычны мурал класіка беларускай літаратуры Я. Купалы ў россыпу васількоў, што размясціўся на будынку Лідскай раённай бібліятэкі, яшчэ доўга будзе назіраць за імклівым тэмпам жыцця лідчан. Новы інклюзіўны арт-аб'ект “Верабейка”, прысвечаны памяці беларускага паэта, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча В. Талая, пакліча адпачыць падарожнага на вуліцы Замкавай. 25 прадпрыемстваў Ліды прынялі ўдзел у аб’яўленым райвыканкамам конкурсе на лепшую арт-лаўку. Размясцілі іх на бульвыры князя Гедыміна. Радуюць вока і інтэрактыўныя лаўкі-пазлы, на якіх можна не толькі адпачыць, але і стварыць мастацкае палатно. Адной з масштабных лакацый і галоўнай інтрыгай па абнаўленні стала прыбярэжная тэрыторыя каля Лідскага замка. Новая велапешаходная дарожка, малыя архітэктурныя формы: падстрэшкі-перголы з дрэва і металу з асвятленнем, лаўкі з падсветкай і без яе, стыльныя сметніцы і велапаркоўкі.
Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі 2025 года “Хвала рукам, што пахнуць хлебам”. У гэтым годзе журы конкурса ацэньвала рэкордную колькасць дасланых матэрыялаў —135.




