17 верасня – 165 гадоў з дня нараджэння Кандрата Лейкі
Кандрат Тодаравіч Лейка – нарадзіўся будучы пісьменнік 17 верасня 1860 года ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Збочна Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.
Вучыўся ў Азярніцкім народным вучылішчы. У 1879 г. скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю за казённы кошт.
Працаваў настаўнікам у Косаве (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Тут у вольны ад педагогікі час пачаў пісаць вершы для дзяцей на беларускай мове.
У 1884 годзе Кандрат Лейка пераехаў жыць на Украіну ў Харкаўскую губерню, дзе і пражыў большую частку свайго жыцця. Працаваў настаўнікам Лініўскага пачатковага народнага вучылішча, а праз год – настаўнікам Аснавянскага народнага вучылішча.
У гэты перыяд жыцця піша вершы “Журавель” (1885), “Птушкі”, “Рабко” (1886), “Песня” (1889). У 1893 годзе ў Харкаве выйшла з друку першая кніга К. Лейкі “Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”.
З 1896 года Кандрат Лейка займае пасаду інспектара Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей. Часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскім часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, у харкаўскай перыёдыцы – газеце “Губернские ведомости» і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам “Мрачный”.
З 1911 года ў газеце “Наша ніва” пачалі друкавацца апавяданні Кандрата Лейкі, п’есы, пераклады з украінскай мовы.
Яго прозу вызначае блізкасць да жыцця (апавяданні “Кульгавы дзядзька Раман” і “Таклюся Сухотніца”, 1912; “Пан Трудоўскі”, 1914).
Апавяданні вылучаюцца пранікнённым лірызмам (“Успамін”, 1911), дабрадушным гумарам (“Абмылка”, 1915).
У апавяданні “Панас Крэнт” (1913) аўтар паказаў вобраз кулака-крывасмока.
П’еса “Снатворны мак”, выдадзеная асобнай кнігай у Вільні ў 1912 годзе, мае казачна-фантастычны сюжэт з расліннага і жывёльнага свету. Гэта п’еса – першая спроба ў беларускай літаратуры стварыць драматычны твор для лялечнага тэатра.
У 1914 годзе Кандрат Лейка па прапанове Янкі Купалы падабраў і выслаў у Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні творы для кнігі, якую хацеў назваць “Засеўкі”. У лісце да выдаўцоў ён выказаў просьбу “не мяняць слоў, бо я стараўся пісаць іх так, як гавораць каля Слоніма, дзе беларуская мова лічыцца самаю чыстаю”.
Кніга так і не пабачыла свет, перашкодзіла Першая сусветная вайна.
У 1918 годзе хвароба ног абвастрылася: Кандрата Лейку паралізавала. Бездапаможнага пісьменніка пляменнікі перавезлі ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана. Тут і прайшлі апошнія гады яго жыцця.
Цяжка хворы, Кандрат Лейка працягваў пісаць творы, вёў актыўную перапіску з беларускімі сябрамі з мэтай перадаць на радзіму сваю творчую спадчыну.
У 1921 годзе выслаў у віленскае Беларускае навуковае таварыства 8 сшыткаў з апавяданнямі, вершамі, казкамі. Але сшыткі згубіліся і да сённяшніх дзён іх лёс невядомы.
6 верасня 1921 года Кандрата Лейкі не стала. Ён пахаваны на адным са старых могілак Здалбунава.
Людміла ФУРМАН,
загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.