Нацыянальнае адзінства праз літаратуру і краязнаўства. Дыялогавая пляцоўка прайшла ў Воранаўскай раённай бібліятэцы
Арыентацыя на гуманістычныя і культурныя каштоўнасці, краязнаўчы аспект літаратуры набываюць асаблівае значэнне ў наш час. Як уздзейнічаюць кнігі і гісторыя роднага краю на выхаванне патрыятызму і ўмацаванне нацыянальнага адзінства, разважалі чытачы, пісьменнікі, краязнаўцы і бібліятэкары на дыялогавай пляцоўцы падчас форуму “Воранаўскія чытанні”.
Мадэратарам сустрэчы ў раённай бібліятэцы выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч. Сваімі думкамі наконт адраджэння любові да мастацкага слова і стварэння глыбока ўсвядомленага, а не стыхійнага пачуцця патрыятызму выказалі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва “Беларусь”, краязнаўца Алесь Карлюкевіч, намеснік старшыні абласнога аддзялення СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Купалаўскага ўніверсітэта Алена Сабуць, госці з Расійскай Федэрацыі і іншыя.
— У фармаце нашай гуманістычнай працы па выхаванні грамадства, бясспрэчна, важную ролю адыгрываюць літаратура і краязнаўства. І гэта справа — грамадская, яна датычыцца не толькі, напрыклад, універсітэцкіх вучоных, але і простага чалавека, які імкнецца захаваць традыцыі, перадаць наступным пакаленням веды, гісторыю, — зазначыў Алесь Карлюкевіч. — Добрую частку гэтай працы сёння выконваюць і бібліятэкі, якія ператвараюцца ў музеі-бібліятэкі ці краязнаўчыя цэнтры. Педагагічная супольнасць, якая вучыць і выхоўвае моладзь на краязнаўчых матэрыялах, знаёміць з аўтарамі рэгіянальнай літаратуры. Вядома, яе вывучэне немагчыма без звароту да пазнання гісторыі роднага краю, знаёмства з мясцінамі, пра якія напісаны творы, з якімі звязана фарміраванне мастацкага таленту пісьменніка.
Алесь Мікалаевіч расказаў пра дзейнасць краязнаўчай секцыі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, узгадаў свае даследаванні па малой радзіме — Пухавіцкім раёне, парэкамендаваў сучасных аўтараў і класікаў для ўзбагачэння краязнаўчага фонду бібліятэк і выкарыстання ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе, выказаў думку пра неабходнасць пашырэння колькасці публікацый асветніцкага і культурнага накірунку ў рэгіянальных СМІ.
Як прысутныя бібліятэкары пацвердзілі, кнігі па рэгіёназнаўству, выданні пра землякоў запатрабаваны мясцовымі людзьмі, таму іх патрэбна тыражыраваць.
Літаратура як від мастацтва здольна спасцігаць свет універсальна, усёабдымна, у самых розных яго вымярэннях: сучасным, гістарычным, перспектыўным, адлюстроўваючы жыццё свайго народа, — меркаванне Дзмітрыя Радзівончыка. Карыстаючыся магчымасцю, ён прэзентаваў трохкніжжа: “Памяти вечный огонь”, “Память огненных лет”, “Поле памяти”. Сціплыя знешне, але багацейшыя інфарматыўна, яны падрыхтаваны да галоўных гістарычных дат — юбілеяў вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі, тым больш асноўваюцца на матэрыялах па гродзенскаму рэгіёну. Гэтыя кнігі занялі пачэснае месца ў фондзе Воранаўскай раённай бібліятэкі.
Крытычны погляд на тэму выхавання, а таксама выбар твораў выказала Алена Сабуць.
— Пісьменнікі і паэты ствараюць мастацкі летапіс гісторыі сваёй радзімы, раскрываюць нацыянальныя характары, адлюстроўваюць асаблівасці менталітэту беларусаў, народны побыт, лад жыцця, адносіны ў сям’і… І наша справа — далікатна падводзіць моладзь да мастацкага слова, шукаць у іх сэрцах водгук, — падкрэсліла яна.
Літаратурны крытык падаравала бібліятэцы сваё публітыстычнае выданне “Наперад ісці чалавеку гуманнаму…”, а таксама прэзентавала зборнік навуковых артыкулаў “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны: матэрыялы і даследаванні”.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота аўтара.
Відэа глядзіце ў нашых сацсетках.