У СЭРЦЫ — Бог і Бацькаўшчына

Раство напаўняе нашы дамы шматгалоссем, любоўю і радасцю. У гэтыя светлыя дні ў бацькоўскіх хатах збіраюцца дзеці, унукі, праўнукі. Наўкол лунае водар бабуліных пірагоў, ігліцы, на стале дымяцца дванаццаць посных страў, а ў сэрцах уладараць супакой і пяшчота. Адной супольнасцю адчуваюць сябе і вернікі, якія ў касцёле ў вечаровую імшу традыцыйна дзеляцца аплаткам і добрымі пажаданнямі адзін аднаму: дабрабыту, плёну, добрай долі. Напярэдадні светлага свята сустрэліся з настаяцелем касцёла Божай Міласэрнасці і Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша Уладзімірам Буклярэвічам. Святар тры месяцы назад узяў душпастырскі адказ за воранаўскі прыход.
Крылы надае малая радзіма
Ксёндз Уладзімір — выхадзец з Германішкаў. Бацькоўская хата сённяшняга святара глядзіць вокнамі на касцёл. Можа, гэта і паўплывала на яго жыццёвы выбар. Сам жа Уладзімір Буклярэвіч лічыць, што пакліканне да служэння Богу і людзям адкрывалася яму ў два этапы. Першы — калі ён хлапчуком стаў міністрантам, быў вельмі блізка да алтара. Другі — у духоўнай семінарыі, дзякуючы настаўленням духоўных айцоў, выхавацеляў, асабістаму кантакту з Богам праз малітву.
Святарскую працу распачаў больш за 20 гадоў назад у горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці, на некоторы час быў накіраваны ў сталіцу. Цяпер слова Божае даносіць жыхарам Воранава.
— На малую радзіму чалавек заўжды вяртаецца з вялікай радасцю. Яна надае крылы для здзяйснення мэт, — падзяліўся ксёндз Уладзімір. — Канешне ж, ёсць невялікае хваляванне. Тут шмат знаёмых, і трэба так пабудаваць сваю працу, каб не ўспрымалі цябе як колішняга германішскага падлетка, а бачылі душпастыра, які прайшоў значны шлях у служэнні Богу.
Выхоўваць хрысціяніна і грамадзяніна
Сваімі клопатамі святар павінен ахапіць усіх вернікаў — ад малога да найстарэйшага, упэўнены ксёндз Уладзімір. Але найбольш увагі патрабуе падрастаючае пакаленне.
— У сучасным свеце для іх шмат спакусаў, таму клапоцімся, каб дзеці і моладзь прыходзілі на заняткі, праводзілі з намі час. Мы супрацоўнічаем з бацькамі. Ладзім і сумесныя гульні — маладыя людзі такім чынам бачаць, што можна добра адпачываць без алкаголю і наркотыкаў. Імкнемся ўздзейнічаць на іх словам, індывідуальнай працай, уласным прыкладам. Галоўнае — выхаваць іх сапраўднымі хрысціянамі і грамадзянамі Бацькаўшчыны, — тлумачыць святар.
Запаліць агеньчык любові
Сёння мы назіраем, як на Захадзе адмаўляюцца ад традыцыйных сямейных каштоўнасцей: прапа-гандуюцца аднаполыя шлюбы, чайлдфры (асэнсаваная бяздзет-насць). У такой неспакойнай віхуры свету беларускія святары павінны накіраваць свае намаганні, каб вернікі стваралі моцныя хрысціянскія сем’і з дзецьмі, каб следавалі звычаям, абрадам, што дасталіся нам ад продкаў. Такую думку выказаў ксёндз Уладзімір Буклярэвіч.
Адной з такіх даўніх традыцый з’яўляецца святкаванне Раства. З’яднаныя чаканнем маленькага Хрыста, родныя яшчэ больш збліжаюцца, адчыняюць свае сэрцы для дабрыні і міласэрнасці.
— Гэта вельмі важна, бо галоўны сімвал Раства — любоў. Дзе яна ёсць, там згода, узаемаразуменне, шчасце, радасць і еднасць, — заўважыў святар і ад душы пажадаў вернікам: — Няхай кожны з вас няспынна ўзрастае ў веры, не губляе надзеі, а перад усім любіць Бога і бліжняга. Няхай нованароджаны Ісус прынясе ў вашы сем’і і калектывы радасць жыцця, а час свята Раства пройдзе ў цёплай сямейнай атмасферы.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара.