Пасмакуем сваё? Калектыў рэстарана «Сустрэча» Воранаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства кожную пятніцу прапануе пасмакаваць беларускія стравы

Такім чынам яны заклікаюць да рэспубліканскай акцыі «Кожная пятнiца — роднае, сваё»
— Маленькае дзеянне — вялікая справа, — зазначае падчас абслугоўвання за столікам афіцыянт Вікторыя Лемантовіч. — Наведвальнікі цікавяцца не толькі з чаго прыгатавана страва, але і як. Вось і атрымоўваецца, што мы не толькі пазбаўляем ад голаду, але і знаёмім з беларускімі традыцыямі.

На гэтым тыдні ў пятнічным меню былі салат «Белавежскі», суп «Сяброўства». А на гарачае — «Фасолеўка», калісьці ў некаторых рэгіёнах гэтую страву называлі «Квасоліха». Канешне ж, і гатавалася яна крыху інакш, напрыклад, замест мяса выкарыстоўвалі сала. Ды і ежу нашы бабулі гатавалі ў печы. Не ведаю, як там на смак было тады, але ў сучасным варыянце нядрэнна. Да таго ж, страва ўключана ў “комба абед” са зніжкай.
Вось так варанаўчане запрашаюць зрабіць выбар на карысць таго, што створана на беларускай зямлі: смачнай і якаснай ежы, стыльнага адзення мясцовых брэндаў, музыкі на роднай мове і цёплай атмасферы, напоўненай нацыянальным каларытам.
Пра маштабную ініцыятыву чытайце ў сацыяльных сетках пад хаштэгам #ДзеньРоднагаСвайго.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота аўтара.