Вечар сустрэчы з выпускнікамі – свята яднання і ўспамінаў

Вечар сустрэчы з выпускнікамі ў Канвелішскай сярэдняй школе стаў незабыўнай падзеяй для ўсіх, хто калі-небудзь вучыўся тут, атрымліваў першыя перамогі, чэрпаў натхненне і адчуваў падтрымку настаўнікаў. Усіх аб’ядноўвала адно – школа, месца дзе далі крылы, каб асільваць любую дарогу ў палёце да мары.
Выпускнікі-юбіляры розных гадоў мелі магчымасць падзяліцца сваімі дасягненнямі і поспехамі, расказаць, як склалася іх жыццё пасля школы. Выпускнікі 2016 года выбаралі розныя прафесіі – інжынераў, педагогаў, юрыстаў.
Выпускнікі 2011 года, якія закончылі школу 15 гадоў таму, разам са сваім былым класным кіраўніком Люцыяй Іванаўнай Нос здзівілі ўсіх музычным нумарам – выканалі песню “Дзяцінства”, а ўся зала ім падтанцоўвала.
Прыемна ўразілі выпускнікі, якія закончылі Канвелішскую сярэднюю школу 20 гадоў таму, у 2006 годзе. Іх сабралася вельмі многа. Гэта людзі розных прафесій, якія падкрэслілі, што школа пасадзейнічала іх паспяховасці – зрабіла творчымі і крэатыўнымі. А гэтыя якасці – аснова для кар’ернага росту. “Гэтыя вучні, – дзеліцца былы класны кіраўнік Адамчык Н.І., – удзельнічалі ў хоры, драматычным гуртку, былі пераможцамі шматлікіх алімпіяд і конкурсаў”. Выпускнікі дзякавалі настаўнікам, работнікам школы. А мужчыны выпуску 2006 года адзначылі, што ў іх было любімае месца ў школе – сталовая, дзе заўсёды кармілі смачнымі катлетамі і булачкамі. Таму яны і падрыхтавалі кветкі і падарунак для любімага поавра – Альфрэды Станіславаўны Даржынкевіч.
Мы былі рады, што завіталі на вечар выпускнікі 2001, 1991, 1986, 1976 гадоў выпуску. Памяць вярнула іх у мінулае, для кагосьці далёкае, для кагосьці не вельмі, у тую пару вучнёўства, якую з пяшчотай і цеплынёй успамінаюць усе, хто сабраўся ў школе. Жыццё раскідала іх не толькі па розных рэгіёнах Беларусі, але і па розных краінах. Але ў гэты дзень яны прыехалі на малую радзіму, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, самая шчаслівая пара ў жыцці.
Ляцяць гады вельмі хутка… Жыццё імкліва бяжыць наперад, расстаўляючы ўсё на свае месцы. Рознымі дарогамі разышліся выпускнікі, але ўсіх па-ранейшаму аб’ядноўвае наша родная школа, мілыя сэрцу Канвелішкі.
Таццяна Собаль, вучаніца 11 класа
Прэстыж прафесіі залежыць ад чалавека прафесіі
Калі разважаюць мае аднагодкі аб важнасці, прэстыжы прафесіі, я заўсёды думаю, што лёс прафесіі і яе значнасць складаюць людзі, якія працуюць у ёй. З дзяцінства марыла быць настаўнікам, бо бачыла сваіх педагогаў – вясёлых і строгіх, добрых і таленавітых, прынцыповых і крэатыўных. Я выбрала вучобу ў педагагічнай групе, каб свядома стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.
Вечар сустрэчы з выпускнікамі – гэта не проста магчымасць сустрэцца з цікавымі людзьмі, аднадумцамі, але і яшчэ магчымасць асэнсаваць планы і мары. Я разумею, каб у школ быў працяг неабходна рыхтаваць кадры: з усіх педагогаў Канвелішскай школы 42% – нашы выпускнікі, 88% – выпускнікі школ Воранаўскага раёна.
40 гадоў таму назад закончыла Канвелішскую сярэднюю школу Гелена Феліксаўна Паляк. “Пасля закрыцця Лушчыцкай базавай школы працую ў Канвелішках, працягваю традыцыі сваіх настаўнікаў, транслюючы іх пасылы і жаданні. Настаўніцтва – гэта ланцужок чалавечнасці і адказнасці, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Мяне, як педагога, працуючага з педагагічнымі класамі, радуе, што мае вучні таксама абіраюць нашу нялёгкую, але цікавую прафесію,” – расказвае Гелена Феліксаўна. А мне хочацца ўзяць з сабою такія яе якасці, як дабразычлівасць, настойлівасць, талерантнасць і працавітасць.
Настаўніца інфарматыкі і пачатковых класаў Алена Антонаўна Савуль закончыла Канвелішскую школу 35 гадоў таму. Савуль А.А. лічыць, што школа павінна навучыць дзіця вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Гэта ўменне пасадзейнічае паспяховасці і запатрабаванасці чалавека ў сучасным свеце.
25 гадоў таму закончыла нашу школу Святлана Тадэвушаўна Огар, мая настаўніца матэматыкі. “Школа – гэта месца, дзе павінны збывацца мары, – лічыць Святлана Тадэвушаўна. – Я прыйшла ў прафесію таму, што хацела быць такой, як мая настаўніца матэматыкі Наталля Іванаўна Ластаўка. І я шчаслівая, што магу з ёй працаваць сёння ў нашай школе, вучыцца і вучыць, раскрываць сваіх вучняў і дапамагаць ім.”
Цікава было пагаварыць з выпускнікамі педагагічных груп, студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія прыйшлі на Вечар сустрэчы. Дар’я Мерава, студэнтка 1 курса спецыяльнасці “гісторыя”, адзначае, што ва ўніверсітэце не хапае крышачку той падтрымкі і апоры, якую давалі настаўнікі ў школе. Паліна Ясюкайць, студэнтка 2 курса спецыяльнасці “біялогія”, адзначыла, што мэтанакіраваная вучоба ў школе заклала фундамент універсітэцкай паспяховасці.
Засталося яшчэ пару месяцаў, каб увайсці ў гісторыю Канвелішскай сярэдняй школы як выпускніца 2026 года, а пакуль буду працаваць над закладваннем свайго “фундамента ведаў”, каб паспяхова паступіць і працягнуць слаўныя традыцыі канвелішскага настаўніцтва.
Валерыя Хахлова, вучаніца 11 класа
Усюды добра, а дома лепей
Згадваюцца словы беларускай народнай прыказкі, калі знаёмішся з выпускнікамі Канвелішскай сярэдняй школы, якія свядома засталіся працаваць на Воронаўшчыне: “Усюды добра, а дома лепей”.
Выпускнікі 1976 года, “залатыя” юбіляры, – Іосіф Мечыслававіч Корсак, Тэрэза Вацлаваўна Загдай, Пётр Уладзіслававіч Шурпіцкі – усё жыццё прапрацавалі ў адной гаспадарцы Воранаўскага раёна – калгасе імя Мічурына, КСУП “Світанак-Агра” (цяпер КСУП “Эліт-Агра-Больцінікі”). “Нас з маленства прывучалі да працы – і дома, і ў школе, – згадвае Іосіф Мечыслававіч. – Праца фарміруе сталага адказнага чалавека. Мы, беларусы, здаўна славіліся сваёй гаспадарлівасцю, працавітасцю”. Пётр Уладзіслававіч, звяртаючыся да сённяшніх школьнікаў, дадае: “Зямля просіць маладых рук. Думайце пра гэта, выбіраючы прафесію. Каб вырасціць хлеб, неабходна апрацаваць глебу, пасеяць збожжа, сабраць ураджай. Сельскія дзеці павінны працягнуць справу сваіх бацькоў і дзядоў.”
40 гадоў таму назад закончылі школу ў Канвелішках сельскія працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў Воранаўскага раёна Мар’ян Уладзіслававіч Кавальчыс і Леанід Іванавіч Фамічоў. Кавальчыс М.У., вадзіцель КСУП “Эліт-Агра-Больцінікі”, у 2025 годзе занесены на раённую Дошку Гонару. Фамічоў Л.І., механізатар СУП “ГМК-Агра”, неаднаразова станавіўся пераможцам розных спаборніцтваў.
“Навошта ехаць працаваць за далёкія горы і моры, калі на малой радзіме работы хопіць для ўсіх,” – лічыць Ганна Чаславаўна Пільжыс, загадчык філіяла “Канвелішскі цэнтр культуры і досугу”, якая закончыла нашу школу 35 гадоў таму назад. Ганна Чаславаўна дадае, што “школа – сэрца любой вёскі, месца, дзе фарміруецца грамадзянін, працаўнік, патрыёт”. “Вечар сустрэчы – магчымасць акунуцца ў дзяцінства і юнацтва, прыгадаць шчаслівыя моманты і першыя няўдачы, сустрэцца з настаўнікамі і сваім класным кіраўніком Янушка Геленай Станіславаўнай”, – падтрымлівае размову былая аднакласніца Ганны Чаславаўны Ірэна Тадэвушаўна Клочка. Ірэна Тадэвушаўна, бухгалтар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Лідскім раёне, таксама засталася працаваць на Воранаўшчыне.
Край людзей, сваёй працы так шчыра адданых,
Што гісторыю пішуць на роднай зямлі:
Хто алоўкам, хто ручкай, хто пяром маляваным,
А хто трактарам – проста па свежай раллі.
Дар’я Сцефановіч, вучаніца, 11 класа
Будучыня за прафесіямі аграсферы
Наш клас стане першым выпускам аграрнай групы. Другі навучальны год такія класы адкрыты ў Канвелішскай сярэдняй школе. Я лічу, што за гэтымі прафесіямі будучыня, яны запатрабаваныя на рынку працы, ад іх залежыць дабрабыт краіны.
Я мару стаць ветэрынарным урачом. Пагэтаму на Вечары сустрэчы з выпускнікамі атрымала магчымасць пагаварыць з людзьмі, якія ўжо замацаваліся ў прафесіі.
Ігар Тадэвушавіч Дашкевіч закончыў нашу школу ў 2006 годзе, 20 гадоў таму. Сёння Ігар Тадэвушавіч працуе галоўным ветэрынарным урачом ААТ “Шчамысліца” ля Мінска. Ён паспяховы ў сваёй прафесіі: на факультатыўных занятках “Уводзіны ў аграрную прафесію” мы глядзелі тэлеперадачу БТ-1 пра Дашкевіча І.Т. “Прафесія – цікавая і адказная, – лічыць мой суразмоўца. – з дзяцінста марыў лячыць жывёлу. Штуршком у прафесію сталі ўрокі хіміі і біялогіі Аўкштулевіч Тамары Яўгеньеўны.” Я радуюся, што Тамара Яўгеньеўна – мой настаўнік хіміі і біялогіі. А з ёю, спадзяюся, дасягну сваёй мэты.
Людміла Генрыхаўна Бойка, галоўны тэхнолаг ААТ “Стаўбцоўскі мясакансервавы камлінат”, закончыла Канвелішскую школу 25 гадоў таму назад. “Мая прафесія – творчая: я распрацоўваю новыя гатункі мясной прадукцыі, – дзеліцца сваімі поспехамі мая суразмоўца. – Мой тата, настаўнік нашай школы Генрых Феліксавіч Даржынкевіч, марыў, каб я стала настаўнікам. Мама, Альфрэда Станіславаўна Даржынкевіч, працавала шэф-поварам нашай школы, хацела, каб я працягнула дынастыю кулінараў. Я вырашыла спалучыць гэтыя дзве прафесіі: творчасць чэрпаю з настаўніцтва, крэатыўнасць – з прафесіі повара.”
Быць паспяховым – не значыць выбраць модную прафесію, а стаць карысным для грамадства, стаць запатрабаваным спецыялістам.
Мія Раўданіце, вучаніца 11 класа.












